Інтэрнэт-цэнзура ў Расеі. Няма праблемы, пакуль усё он-лайн


Расейскі рэестр забароненых сайтаў запрацаваў 1 лістапада. Без судовага рашэння ў чорны спіс дадаюцца інтэрнэт-старонкі з дзіцячаю парнаграфіяй, прапагандаю ўжывання наркотыкаў і здзяйснення суіцыдаў. У Беларусі таксама нібыта існуе спіс забароненых сайтаў, аднак доступ да іх блакуюць толькі дзяржаўныя і адукацыйныя ўстановы, дый тое далёка не заўсёды.

“Ніхто не разумее, што ёсць цэнзураю”

Блогер Яўген Ліпковіч, які змагаўся з заблакаваннем старонкі на рэсурсе Livejournal.com, выступае супраць цэнзуры ў любым выглядзе.

“Давайце лепш так гадаваць дзяцей, каб яны на тыя старонкі не хадзілі. Ніякія забароны ў крамах, калі 15-гадовы захоча напіцца, не спрацоўваюць. Тое ж і тут. Шмат хто кажа, што цяпер Расея ідзе беларускім шляхам, – нічога падобнага. Проста людзі, што там ва ўладзе, глядзяць, што там, напрыклад, грамадства хоча, каб змагаліся з карупцыяй, – то яны змагаюцца з ёю. А апытанні і ў нас і ў Расеі паказваюць, што ці не большая частка грамадства выступае за цэнзуру. А за якую цэнзуру – яны ж самі не разумеюць”, – кажа блогер. {movie}Яўген Ліпковіч пра інтэрнэт-цэнзуру ў Расеі|right|7470{/movie}



Ліпковіч раіць наведваць сайты, са зместам якіх вы не пагаджаецеся, – прынамсі, дзеля развіцця талерантнасці.




Абсурдныя забароны

З расейскага чорнага спісу самым скандальным стала заблакаванне інтэрнэт-энцыклапедыі “Луркморье”. Ініцыятары забароны ніяк не тлумачылі свайго рашэння і пакуль скантактавацца з імі ў адміністратараў рэсурсаў не атрымлівалася. Праз некалькі дзён, зноў жа без тлумачэння прычынаў, рэсурс з чорнага спісу выключылі.

“Луркоморье” – гэта расейскамоўная энцыклапедыя сучаснай культуры, фальклору ды інтэрнэт-мэмаў. Кантэнт рэсурсу ствараецца карыстальнікамі ды ёсць выключна суб’ектыўным, хоць часта можа паспрачацца ў інфарматыўнасці з “Вікіпедыяй”.

“Белсат” датэлефанаваўся да прэсавага сакратара рэсурсу Дзмітрыя Хомака, які пакуль бачыў у забароне больш плюсаў, чымся мінусаў.

“Мы пакуль што проста змянілі IP-адрас на суседні, і старонка ў прынцыпе даступная для большасці карыстальнікаў. У прынцыпе, зрабілі гэта на сваю рызыку, бо гэта ніяк не апісана ў законе. Увогуле ўвядзенне такога закону значна павялічвае камп’ютарную адукаванасць людзей. У інтэрнэце вельмі складана штосьці насамрэч заблакаваць, у Беларусі сітуацыя падобная – бегаць ад забароны можна доўга, пакуль гэта не пяройдзе ў офлайн”, – кажа Хомак.

Таксама расейскія правайдары блакуюць доступ да он-лайн-бібліятэкі “Лібрусек”, энцыклапедыяў, прысвечаным “Зорным войнам”, камп’ютарнай гульні “Elder scrolls” i “Eve”. Апошняя трапіла ў чорны спіс за… інструкцыю ўжывання аптэчак, якія дзякуючы не вельмі дакладнаму перакладу ў расейскай версіі называюцца “наркотыкамі”.

Тым часам, паводле газеты “Известия”, за час дзеяння рэестру забароненых сайтаў ад карыстальнікаў рунэту прыйшлі 85 скаргаў на афіцыйную старонку прэзідэнта Расеі. Сярод іх 63 карыстальнікі заўважылі на старонцы дзіцячую парнаграфію, тры чалавекі сігналізуюць пра інфармацыю аб вытворчасці наркатычных сродкаў, а яшчэ 19 адчулі, што рэсурс штурхае іх да суіцыду. На сам рэестр прыйшло каля 200 скаргаў. Усе гэтыя звароты былі адхіленыя і разглядаюцца як спам.

belsat.eu

Стужка навінаў