Апазіцыя ізноў спрабуе аб'яднацца. Гэтым разам вакол Рады БНР


Рада Беларускай Народнай Рэспублікі абнародавала поўны тэкст мемарандума “Аб захадах для забеспячэння незалежнасці Беларусі”, прынятага ў Вільні 3 лістапада на сустрэчы лідараў апазіцыйных партый і НДА са старшынёй Рады БНР Івонкай Сурвілай.

Выніковы тэкст дакумента абнародаваны на старонцы Рады БНР у “Фэйсбуку”.



Падпісанты мемарандуму пацвярджаюць гатоўнасць “аб’яднаць свае намаганні ў справе захавання паўнацэннага суверэнітэту Беларусі”.

“Зарукаю забеспячэння беларускага нацыянальнага суверэнітэту, – адзначаецца ў дакуменце, – будзе аднаўленне механізму прыняцця беларускім грамадствам свабодных і абгрунтаваных рашэнняў аб сваёй палітычнай будучыні, што запатрабуе дэмантажу аўтарытарнага рэжыму. Як найхутчэй маюць быць прынятыя меры засцярогі ад паўторнага надыходу аўтарытарызму і злоўжывання ўладаю”.

На думку падпісантаў мемарандуму, трэба “трэба дамагацца як найшырэйшага прызнання міжнароднай супольнасцю, што Аляксандр Лукашэнка і дзяржаўныя органы пад ягоным кантролем, пры адсутнасці дэмакратычнай легітымнасці, не ёсць правамоцным і дзеяздольным прадстаўніцтвам Беларусі, асабліва ў разе прыняцця ад імя Беларусі абавязкаў і пагадненняў з наступствамі, якія абмяжоўваюць ці абцяжарваюць яе суверэнітэт або датычаць распродажу дзяржаўнай маёмасці”.

“Гэткія пагадненні не будуць абавязковыя для дэмакратычнай беларускай дзяржавы ў будучыні, а стануць прадметам перагляду і магчымага скасавання або карэкцыі”, – гаворыцца ў мемарандуме.

Аўтары дакументу адзначаюць неабходнасць “каардынацыі намаганняў грамадскіх і палітычных арганізацыяў, у тым ліку беларусаў замежжа, для супрацьстаяння афіцыйнай прапагандзе, якая знішчае беларускую свядомасць”.

“Мусіць быць мацнейшы скаардынаваны ціск палітычнай і грамадзянскай супольнасці ў краіне і за яе межамі дзеля змяншэння ў беларускім грамадстве пачуцця страху, найперш вызвалення і рэабілітацыі палітычных вязняў, спынення палітычных рэпрэсіяў і дэмантажу рэпрэсіўнага апарату, свабоды для сродкаў масавай інфармацыі, а ўрэшце – правядзення свабодных выбараў”, – сказана ў дакуменце.

Удзельнікі віленскай сустрэчы пацвярджаюць прызнанне Рады БНР як “непартыйнага, надпалітычнага органу беларускай гістарычнай дзяржаўнасці”, абавязваюцца “каардынаваць з Радаю БНР працу дзеля дасягнення вышэйзгаданых супольных задачаў, будуць разлічваць на адпаведнае садзеянне і падтрымку з боку Рады БНР, будуць спрыяць Радзе ў яе дзейнасці дзеля канчатковага спаўнення свайго гістарычнага мандату”.

“Да абрання дэмакратычнае ўлады на свабодных выбарах, пры гарантаванай дзяржаўнай незалежнасці, прадстаўнікі беларускай палітычнай і грамадзянскай супольнасці прызнаюць Раду БНР рэзервовым палітычным дэпазітарам беларускай незалежнай дзяржаўнай традыцыі”, – гаворыцца ў мемарандуме.

У сваю чаргу старшыня і члены прэзідыуму Рады БНР пацвярджаюць прыхільнасць “мэце выканання свайго статутнага мандату”.

Пад мемарандумам падпісаліся:

Уладзімір Барадач (аргкамітэт “Савету нацыянальнага адраджэння”);

Вінцук Вячорка (аргкамітэт “Беларускага руху”);

Аляксандр Дабравольскі (Аб’яднаная грамадзянская партыя);

Мікалай Дземідзенка (міжнароднае грамадскае аб’яднанне “Малады фронт”, Чэхія);

Вольга Карач (грамадзянская кампанія “Наш дом”);

Уладзімір Колас (Рада беларускай інтэлігенцыі);

Аляксандр Мілінкевіч (рух “За свабоду”);

Станіслаў Шушкевіч (партыя “Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада”);

Аляксей Янукевіч (Партыя БНФ);

Уладзімір Някляеў (кампанія “Гавары праўду!”);

Зянон Пазняк (Кансерватыўна-хрысціянская партыя БНФ);

Віталь Рымашэўскі (аргкамітэт партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя”);

Вячаслаў Сіўчык (Рух салідарнасці “Разам”);

Івонка Сурвіла (старшыня Рады БНР ад імя Рады БНР).

Раней Рада БНР паведаміла аб адмове далучыцца да мемарандуму лідара кампаніі “Еўрапейская Беларусь” Андрэя Саннікава, які нядаўна атрымаў палітычны прытулак у Вялікай Брытаніі.

Віленскі мемарандум застаецца адкрыты для далучэння.

belsat.eu

Стужка навінаў