На допыт выклікаюць тых, чый мабільны зафіксавалі на Плошчы


Ператрусы і допыты ў справе масавых закалотаў не спыняюцца.

Сёння працаўнікі КДБ правялі ператрусы на кватэрах праваабаронцы Насты Лойкі, даверанай асобы экс-кандыдата на прэзідэнцтва Някляева, Ніны Пахлопкі і ў офісе сустаршыні БХД Георгія Дзмітрука.

Усе ператрусы прайшлі ў межах крымінальнай справы аб масавых закалотах. У актывістаў забралі камп’ютары ды іншыя носьбіты інфармацыі. Георгію Дзмітруку ўручылі позву на допыт у КДБ. Прадстаўніцу праваабарончага цэнтру “Вясна” Насту Лойку адвезлі на допыт адразу ж пасля ператрусу – дзяўчыне паведамілі, што яна праходзіць у якасці сведкі ў справе 19-га снежня. Другі дзень запар дапытваюць у КДБ яшчэ адну праваабаронцу – Раіса Міхайлоўская.

І, як паведамляюць чытачы “Нашай Нівы”, дзяўчыне патэлефанавалі з аддзелу барацьбы з арганізаванаю злачыннасцю і запрасілі “на размову” на падставе таго, што ейны мабільны быў зафіксаваны на плошчы 19 снежня. Інфармацыя пра чарговыя выпадкі з’яўляецца ў сацыяльных сетках. Падобныя “запрашэнні на размову” атрымалі ўжо некалькі чалавек. Пакуль усе вядомыя выпадкі датычаць абанентаў кампаніі МТС. Аднак праваабаронцы не выключаюць, што гэта можа быць толькі пачаткам акцыі па запалохванні і нагадваюць, што любы чалавек мае права адмовіцца ад сустрэчы з праваахоўнымі органамі, калі ён не мае афіцыйнай позвы на допыт.

Нагадаем, раней ГУУС Менгарвыканкаму заяўляла, што да адказнасці будуць прыцягнуты ўсе “ўдзельнікі злачынства”: “У распараджэнні следства маецца дастатковая колькасць фота і відэаматэрыялаў, якія захавалі абсалютна ўсіх удзельнікаў масавых закалотаў, якія суправаджаліся гвалтам, пагромамі, знішчэннем маёмасці ды ўзброеным супрацівам прадстаўнікам улады”.

belsat.eu

Стужка навінаў