Андрэй Дзмітрыеў: Дзяржаўныя радыё і ТБ не прададуць нам і хвіліны свайго часу


Кіраўнік выбарчага штабу Уладзіміра Някляева распавёў пра тое, на што будуць выдаткоўвацца сродкі з індывідуальнага выбарчага фонду.

«Мы ўжо цяпер гатовыя да пікетаў, мы гатовыя да ўлётачнай кампаніі, мы таксама цяпер прапрацоўваем магчымасць усталявання білбордаў, – заявіў Андрэй Дзмітрыеў, кіраўнік выбарчага штабу Уладзіміра Някляева. – Мы маем законную магчымасць паставіць свае білборды ў Менску і ў абласных гарадах, калі, вядома, мясцовыя ўлады гэтага не спужаюцца».

У ідэале штаб Някляева хацеў бы скіраваць грашовыя сродкі яшчэ і на рэкламу на радыё і тэлебачанні, аднак, паводле Андрэя Дзмітрыева, такой магчымасці дэ-факта няма. «Дзяржаўныя радыё і тэлебачанне ніколі не прададуць і хвіліны свайго эфірнага часу апазіцыйнаму кандыдату», – упэўнены Андрэй Дзмітрыеў. У інтэрв’ю тэлеканалу «Белсат» кіраўнік штабу Някляева падкрэсліў, што гэта «не пытанне грошаў, а палітычнае пытанне».

Магчымасць стварыць індывідуальны выбарчы фонд з’явілася дзякуючы папраўкам, якія ўнеслі ў выбарчае заканадаўства напрыканцы 2009 г. Памер фонду не мае перавышаць 3 тыс. баз. вел. (на сённяшні дзень 105 млн руб.). Сродкі можна выкарыстоўваць на аплату эфірнага часу і газетнай плошчы, арэнду будынкаў, памяшканняў і абсталявання, на транспартныя выдаткі, паслугі сувязі, агітацыйныя друкаваныя матэрыялы ды іншыя патрэбы, непасрэдна звязаныя з правядзеннем перадвыбарнай агітацыі.

belsat.eu

Стужка навінаў