Павел Сапелка: Рэжым у Беларусі адрозніваецца ад класічнай тыраніі


У краіне змянілася афіцыйнае вызначэнне тэрарызму. Ці прывядзе гэта да новага «закручвання гаек»?{movie}Павел Сапелка ў “Гарачым каментары”|left|7468{/movie}

Прынятая нядаўна дэфініцыя тэрарызму гучыць наступным чынам: «сацыяльна-палітычная і крымінальная з’ява, якая ўтрымлівае ідэалогію і практыку ўжывання гвалту або пагрозы гвалту з мэтаю ўздзеяння на прыняцце рашэнняў органамі ўлады ці супрацьдзеяння палітычнай або іншай грамадскай дзейнасці, парушэння грамадскай бяспекі, застрашвання насельніцтва, правакацыі міжнародных ускладненняў, вайны, падрыву канстытуцыйнага ладу і дэстабілізацыі ўнутранага становішча дзяржавы».

Новая дэфініцыя, паводле юрыста Паўла Сапелкі, не мусіць прывесці да сітуацыі, калі тэрарызмам будзе лічыцца звычайная палітычная барацьба ды акцыі пратэсту. Адмысловец мяркуе, што прынятыя змены ў панятку маюць за мэту падагнаць адзін прававы акт пад другі, не змяняючы сутнасці закону.

«Дагэтуль ані навукоўцы, ані правазнаўцы не звярталі ўвагі, што Крымінальны кодэкс і закон «Аб барацьбе з тэрарызмам» утрымліваюць супярэчлівыя фармулёўкі. Цяпер гэтыя розначытанні прыбяруць», – патлумачыў Сапелка. На думку юрыста, у Беларусі адсутнічае заканадаўчы орган, здольны адразу распрацоўваць дасканалыя нарматыўныя акты.

Сапелка адзначыў: рэжым у Беларусі адрозніваецца ад класічнай тыраніі тым, што кіраўніцтва дзяржавы імкнецца давесці сваю законнасць і легітымнасць. «Улады скасоўваюць недасканаласці заканадаўства, ствараюць аксесуары законнасці, каб пазней паказаць, што ў Беларусі нібыта дзее справядлівы суд», – мяркуе юрыст.

Сапелка дапускае, што новае вызначэнне тэрарызму мае таксама ідэалагічны складнік. Ацаніць жа вынікі зменаў у законе пакуль вельмі цяжка. Тут, як зазначыў адмысловец, трэба паглядзець на практыку ўжывання прынятага закону.

belsat.eu

Стужка навінаў