Ісламісты патрабуюць зруйнаваць егіпецкія піраміды


Адзін з лідараў ісламскіх фундаменталістаў у Егіпце шэйх Мурган Салем аль-Гохары заклікаў знішчыць піраміды і статую Сфінкса ў Гізе.

Ісламісцкі прапаведнік, двойчы асуджаны пры былым прэзідэнце Егіпту Хосні Мубараку, заявіў, што «абавязак кожнага мусульманіна – знішчэнне ідалаў». Пры гэтым ён правёў паралелі са статуямі Буды ў Афганістане, разбуранымі рухам «Талібан».

«Алах загадаў прароку Мугамэду знішчаць падобныя ідалы, і мы мусім зрабіць гэта з усімі помнікамі, якімі запоўнены Егіпет, і якім пакланяюцца замест Усявышняга, – сказаў шэйх. – Калі я быў у «Талібане», мы ўзарвалі помнікі Буды, чаго не зрабіў афганскі ўрад».

Аль-Гохары даўно вядомы ў Егіпце сваймі ўльтрарадыкальнымі поглядамі і заклікамі змагацца з усімі і ўсім, што супярэчыць строгім нормам ісламу. Пры ранейшых уладах яго былі асудзілі на пажыццёвае зняволенне, аднак ісламіст уцёк з краіны ў Афганістан, дзе быў паранены ў перастрэлцы з амерыканскімі вайскоўцамі. Затым шэйх трапіў у Пакістан і адтуль перабраўся ў Сірыю, з якой яго дэпартавалі ў Егіпет, дзе адправілі за краты. Пасля рэвалюцыі лідара радыкалаў вызвалілі.

Пакуль егіпецкі прэзідэнт Мэгэмэд Мурсі не схільны прыслухоўвацца да такіх патрабаванняў. Наадварот, у краіне працягваюць адкрываць новыя цікавыя месцы для турыстаў: на плато Гіза побач з пірамідаю Хеопса ў сярэдзіне мінулага месяца раскапалі пахавальню прынцэсы Мэрэсанх III.

belsat.eu

Стужка навінаў