Са Швецыі ў Беларусь накіраваўся другі «плюшавы дэсант»


Шведская праваабарончая арганізацыя «Оstgruppen» правяла акцыю дзеля падтрымання правоў чалавека ў Беларусі – «Плюшавы дэсант–2».

У мінулыя выходныя ў цэнтры Стакгольму праваабаронцы збіралі плюшавых звяркоў. Сабраныя мяккія цацкі актывісты адправілі бандэролямі тым беларускім чыноўнікам і палітыкам, якім забаронена выязджаць у Еўразвяз.

«Калі 800 шведскіх мядзведзікаў летам заляцелі ў Беларусь, Лукашэнка быў раз’юшаны і папракаў іх у тым, што яны незаконна мінулі мяжу дзяржавы, – адзначыў старшыня «Оstgruppen» Марцін Уґля. – Іх затрымлівалі ды вазілі ў аддзяленні міліцыі. Таму мы збіраемся даслаць мядзведзікаў бандэролямі, але зноў – з патрабаваннямі выконваць правы чалавека, асабліва адносна свабоды сходаў і асацыяцыяў, – беспасярэдне Лукашэнку і ягоным сябрам».

Паводле праваабаронцы, у Швецыі летняя акцыя з нелегальным мінаннем мяжы Беларусі шведскім лёгкаматорным самалётам «выклікала даволі вялікую крытыку». «Але ў Беларусі яе сустрэлі пазітыўна шмат хто з актывістаў. Мы сваёй акцыяй хочам выказаць падтрыманне беларусам, якія працуюць дзеля дэмакратычных зменаў у сваёй краіне», – заявіў сп. Уґля.

Да кожнай цацкі актывісты прымацавалі пасланне на беларускай мове, якое мае нагадаць чыноўнікам у Беларусі пра некаторыя артыкулы з Усеагульнай дэкларацыі правоў чалавека ААН.

belsat.eu

Стужка навінаў