Лукашэнка дзякуе Пазняку і разглядае продаж часткі «Беларуськалію»


На сустрэчы з студэнтамі ды выкладчыкамі Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэту (БДЭУ) кіраўнік краіны падзяліўся думкамі адносна шэрагу пытанняў эканамічнага і палітычнага жыцця.

«Беларуськалій» ужо можна прадаць?

Аляксандр Лукашэнка заявіў, што гатовы перагледзець магчымасць продажу 15–20 % акцыяў «Беларуськалію» за рынкавы кошт. І традыцыйна назваў вялізарную суму прыватызацыі.

«Прапаноўвалі прыватызаваць за $ 15 млрд. Я кажу: 32 мільярды! Зараз, калі рынак адбудуецца, то, кажуць, і за 36 мільярдаў можна. Калі хтосьці гатовы, то мы можам 15–20 % прадаць, але не кантрольны пакет. За яго будзем сур’ёзна гандлявацца», – цытуе прэзідэнта «Интерфакс».

Раней не менш сур’ёзна планаваўся гандаль і за «Белтрансгаз».

«Дзякуй» Пазняку

Раней словы старшыні КХП-БНФ пра татальную прадажнасць апазіцыі цытавала БелТА, сёння пахваліў былога палітычнага апанента і сам кіраўнік краіны.

«Дзякуй яму [Пазняку – «Белсат»], што ён працытаваў мяне, тое, што я казаў на Усебеларускім народным сходзе. Грошы Захад заплаціў беларускай апазіцыі, літаральна кажу паводле Пазняка… Гэта прызнаюць нашыя гэтак званыя апазіцыянеры. Яны там харчуюцца, у іх на Захадзе карыта або тут карыта, але корм яны прывозяць адтуль», – уразіў слухачоў сельскагаспадарча-палітычнымі аналогіямі Лукашэнка.

Ён таксама згадаў старшыню праваабарончага цэнтру «Вясна» Алеся Бяляцкага. Кіраўніка дзяржавы зноў абурылі падвойныя стандарты. Ён нагадаў, што інфармацыю аб праваабаронцу выдала Літва, і не разумее, «супраць чаго яны [Захад – «Белсат»] змагаюцца».

Дэмакратыя – зло, але выбары былі чэсныя

Аляксандр Лукашэнка заклікаў «супакоіцца з гэтаю дэмакратыяй». Паводле ягоных звестак, у дэмакратычных краінах «штодня людзей паліваюць вадой і слезацечным газам».

Прамоўца прадэманстраваў высокую паінфармаванасць у справе смерці свайго сябра Муамара Кадафі: «Сарказі быў вялікім дэмакратам, а ў лівійскага Кадафі ўзяў $ 150 млн. Узяў, а праз тры гады разбамбіў яго, спецназаўцы згвалтавалі ды забілі яго. Гэта што – дэмакратыя?» – абураўся галава выканаўчай беларускі лідар.

Таксама студэнты і выкладчыкі БДЭУ даведаліся, што выбары ў ЗША прайшлі далёка не ідэальна.

«Было 23 ці 25 кандыдатаў. Вы чулі толькі пра Оўбаму і Ромні, а астатніх 25 за спробу падыскутаваць з гэтымі «кітамі» пасадзілі за краты», – раскрыў прынцыпы амерыканскай выбарчай сістэмы кіраўнік краіны.

У адрозненне ад амерыканскіх палітыкаў, Лукашэнка выбараў не фальсіфікаваў, пра што і заявіў сёння. «Я клянуся, што карупцыі, подкупу падчас выбараў ніколі не было! Клянуся, ніколі не ініцыяваў, ніколі не даваў нікому грошай і не буду даваць!» – паабяцаў прэзідэнт.

belsat.eu

Стужка навінаў