У Расеі заблакавалі інтэрнэт-энцыклапедыю «Луркоморье»


ІР-адрас рэсурсу (85.17.124.180) дадалі ў чорны спіс сайтаў з забароненаю ў Расеі інфармацыяй.

Луркоморье” – гэта расейскамоўная энцыклапедыя сучаснай культуры, фальклору ды інтэрнэт-мэмаў. Кантэнт рэсурсу ствараецца карыстальнікамі ды ёсць выключна суб’ектыўным, хоць часта можа паспрачацца ў інфарматыўнасці з “Вікіпедыяй”.

Адміністрацыя “Луркоморья” заяўляе, што не ведае прычынаў заблакавання парталу і рыхтуе запыт на тлумачэнне сітуацыі.

Рэестр забароненых сайтаў запрацаваў 1 лістапада. Без судовага рашэння ў чорны спіс дадаюцца інтэрнэт-старонкі з дзіцячаю парнаграфіяй, прапагандаю ўжывання наркотыкаў і здзяйснення суіцыдаў. Калі ўладальнік рэсурсу цягам трох дзён не выдаліць забароненай інфармацыі, блакуецца ўся старонка. На аспрэчванне ў судзе даецца тры месяцы.

Старонка “Луркоморье” дагэтуль даступная для карыстальнікаў за межамі Расеі.

Тым часам, паводле газеты “Известия”, за час дзеяння рэестру забароненых сайтаў ад карыстальнікаў рунэту прыйшлі 85 скаргаў на афіцыйную старонку прэзідэнта Расеі. Сярод іх 63 карыстальнікі заўважылі на старонцы дзіцячую парнаграфію, тры чалавекі сігналізуюць пра інфармацыю аб вытворчасці наркатычных сродкаў, а яшчэ 19 адчулі, што рэсурс штурхае іх да суіцыду. На сам рэестр прыйшло каля 200 скаргаў. Усе гэтыя звароты былі адхіленыя і разглядаюцца як спам.

belsat.eu

Стужка навінаў