Дзень незалежнасці Польшчы: чатыры маршы пад рознымі лозунгамі


У цэнтры Варшавы адбыліся сутычкі з паліцыяй.

Як паведамляе “Gazeta wyborcza”, прыхільнікі крайне нацыяналістычных ідэяў разабралі дзве скрыні з брукаванкаю, якую будаўнікі выпадкова пакінулі на вуліцы. Першыя сутычкі пачаліся непадалёк цэнтральнага чыгуначнага вакзалу. У бок паліцыянтаў паляцелі камяні, лавы, сметніцы. Што праўда, праз некалькі хвілінаў хуліганы ўцяклі. Найбольш агрэсіўныя з узброеных брукаванкаю маладзёнаў прыйшлі пад Палац культуры і навукі – будынак, які падарыў «польскім братам» Іосіф Сталін. Пазней сутычкіадбыліся і ля цэнтральнай станцыі.

Святкаванне Дня незалежнасці Польшчы пачалося ў вайсковым кафедральным касцёле ў цэнтры сталіцы, дзе прысутнічаў прэзідэнт Браніслаў Камароўскі з жонкаю. Улады сталіцы дазволілі ажно чатыры вулічныя шэсці: Марш сацыялістаў, Марш паразумення 11 лістапада (антыфашысцкі), Прэзідэнцкі марш і Марш незалежнасці (арганізаваны прыхільнікамі кансерватыўна-нацыяналістычных партыяў і рухаў). Апрача гэтага пройдуць мітынгі, Бег Незалежнасці ды іншыя акцыі. Парадак у Варшаве ахоўваюць некалькі тысяч паліцыянтаў.

Падчас леташняга святкавання Дня незалежнасці паліцыя ў выніку сутычак на вуліцах арыштавала больш за 200 чалавек.

Свята адзначаецца 11 лістапада ў гонар абвешчання незалежнасці дзяржавы ад панавання Нямеччыны, Расеі ды Аўстрыі ў 1918 г.

belsat.eu

Стужка навінаў