Шэф ЦРУ падаў у адстаўку, бо завёў раман


Паводле крыніцаў, блізкіх да чыноўніка, ён не ўтрымаўся перад аўтаркаю ягонай біяграфіі, паведамляе “Reuters”.

У лісце да калектыву СІА (ЦРУ) Дэйвід Пэтрэюс (David Petraeus) напісаў, што зрабіў велізарную памылку пасля 37 гадоў шлюбу: «Такія паводзіны непрымальныя ні для мужа, ні для кіраўніка такой арганізацыі, як нашая».

Прэзідэнт ЗША Барак Оўбама прыняў адстаўку і падзякаваў 60-гадоваму Пэтрэюс за працу ў СІА і поспехі амерыканскіх войскаў у Іраку ды Афганістане.

Крыніцы, абазнаныя ў сітуацыі, сцвярджаюць, што жанчына, з якою галоўны выведнік здрадзіў жонцы, – Пола Бродўэл (Paula Broadwell), якая напісала ягоную біяграфію пад назваю “Усё тут” (All in). Спробы агенцтва “Reuters” звязацца з ёю былі беспаспяховымі: на званок у дзверы ейнага дому ў Паўночнай Караліне ніхто не адчыніў.

Паводле некаторых звестак, раман выпадкова раскрылі працаўнікі FBI (ФБР), калі шукалі прычынаў выцеку інфармацыі, ніяк не звязанай з Пэтрэюсам.

belsat.eu

Стужка навінаў