Перспектыва: "амерыканка" або "бастыён"


З лідарам «Маладога фронту» Змітром Дашкевічам у гарадзенскай турме № 1 сустрэўся адвакат.

Як паведаміла намесніца старшыні «Маладога фронту» і нявеста вязня Наста Палажанка, Зміцер распавёў адвакату падрабязнасці свайго этапавання з Мазыра ў Горадню.

У “амерыканцы” больш ложкаў

«Дашкевіча адправілі на этап толькі 4 лістапада. Дзень правёў у магілёўскай турме, яшчэ дзень – у баранавіцкай. З раніцы 7 лістапада прыбыў у гарадзенскую турму № 1. Дзень правёў у каранціне, пасля чаго быў пераведзены ў камеру ў новы корпус турмы, які зняволеныя клічуць «амерыканкаю», – распавяла Наста.

Яна адзначыла, што, паводле Змітра, у «амерыканцы», у параўнанні са старым корпусам турмы, «бастыёнам», – больш жорсткі кантроль з боку адміністрацыі, але пры гэтым не так востра стаіць пытанне спальных месцаў. Пакуль умовы ў гарадзенскай турме прынцыпова не адрозніваюцца ад умоваў у памяшканнях камернага тыпу глыбоцкай і мазырскай калоніяў, дзе ўтрымлівалі актывіста дагэтуль. Палажанка адзначыла, што Зміцер пачуваецца бадзёра, ні на што пакуль не скардзіцца.

Пакуты за кратамі

Змітра Дашкевіча затрымалі разам з яшчэ адным актывістам «Маладога фронту», Эдуардам Лобавым, у Менску 18 снежня 2010 года і абвінавацілі ў збіцці двух мужчынаў. Прадстаўнікі апазіцыі ды праваабаронцы расцанілі іхны арышт як прэвентыўную захаду для «зачысткі» грамадства перад выбарамі. У сакавіку 2011 года Дашкевіча асудзілі на два гады пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.

Пачаткова лідар «Маладога фронту» адбываў пакаранне ў калоніі ў Горках (Магілёўская вобласць), затым яго перавялі ў Глыбокае (Віцебская вобласць). 28 жніўня Глыбоцкі раённы суд на закрытым выязным паседжанні ў калоніі прызнаў Дашкевіча вінаватым у зацятым непадпарадкаванні вымогам адміністрацыі калоніі ды асудзіў яго на год пазбаўлення волі. У тэрмін пакарання ўключылі чатыры месяцы, якія апазіцыянеру заставалася адбыць у калоніі паводле першай крымінальнай справы. Пасля гэтага Дашкевіча перавялі ў мазырскую калонію № 20.

30 кастрычніка суд Мазырскага раёну зноў прызнаў Дашкевіча зацятым парушальнікам рэжыму і пастанавіў перавесці яго ў турму. Наста Палажанка сцвярджае, што Дашкевіч фактычна ніяк не мог стаць зацятым парушальнікам рэжыму, бо адразу па прыбыцці ў мазырскую калонію яго перавялі ў штрафны ізалятар, а затым – у памяшканне камернага тыпу.

У гарадзенскай турме № 1, куды даставілі лідара «Маладога фронту», адбывае пакаранне яшчэ адзін палітвязень – прадпрымальнік з Ваўкавыску Мікалай Аўтуховіч.

belsat.eu

Стужка навінаў