Курапаты: Невядомыя апаганілі «лаву Клінтана» і раскідалі прасталінскія ўлёткі (Фоты)


Ва ўрочышчы Курапаты, месцы расстрэлу ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў, учынены чарговы акт вандалізму.

Пра гэта паведаміў былы вязень ГУЛАГу, удзельнік ініцыятывы «За ўратаванне мемарыялу Курапаты» Уладзімір Раманоўскі. Паводле яго, невядомыя раскідалі ва ўрочышчы ўлёткі пад назваю «Сталін меў рацыю!» і размалявалі фарбаю «лаву Клінтана» – памятны знак, пастаўлены ў 1994 годзе «ад народу ЗША народу Беларусі ў імя памяці» падчас візіту ў Беларусь прэзідэнта ЗША Біла Клінтана. На лаве і на ўлётках напісаная абрэвіятура АКМ.

Раманоўскі падкрэсліў, што ні разу людзей, якія ўчынялі акты вандалізму ў Курапатах, не прыцягвалі да адказнасці. «Мы будзем патрабаваць чарговым разам узмацніць ахову гэтага месца, паставіць там помнік, зрабіць афіцыйны мемарыял. У якой форме – гэта ўжо іншае пытанне», – заявіў актывіст.

Гісторык Ігар Кузняцоў адзначыў, што, магчыма, на акцыю вандалізму адрэагуе амбасада ЗША. «У свой час пасольства ўжо заяўляла ўладам Беларусі, што калі яны не ў стане абараніць памятны знак ад вандалаў, то «лаву Клінтана» перанясуць на тэрыторыю пасольства», – нагадаў ён.

Абрэвіятура АКМ расшыфроўваецца як «Авангард красной молодёжи». Гэта камуністычная бальшавіцкая арганізацыя ў краінах былога СССР і замежжа, старшынём якой да 2009 года быў Сяргей Удальцоў. Цяпер ёю кіруе палітбюро ЦК АКМ.

Кіраўнік арганізацыі ў Беларусі, Дзмітрый Кудранок, паведаміў БелаПАН, што ні яму, ні ягоным сябрам невядома пра акцыю ў Курапатах, але не выключыў, што яе магло правесці «адно з крылаў АКМ».

belsat.eu

Стужка навінаў