Кіраўнік МЗС Нямеччыны: Наш урад не пацерпіць фальсіфікавання выбараў у Беларусі


Гіда Вэстэрвэле будзе дамагацца, каб Еўразвяз даў выразны палітычны адказ Лукашэнку.

Паводле кіраўніка нямецкага Міністэрства замежных справаў Гіда Вэстэрвэле, федэральны ўрад Нямеччыны не пацерпіць фальсіфікаваных выбараў у Беларусі.

«Мы будзем дамагацца, каб ЕЗ даў выразны палітычны адказ на махінацыі падчас выбараў у Беларусі. Адказныя асобы і асабіста Лукашэнка мусяць зразумець, што падаўленне свабоды ёсць непрымальным», – заявіў нямецкі міністр.

Дамагацца жорсткай рэакцыі з боку Еўразвязу Берлін будзе разам з польскім урадам. Прадстаўнік канцлера Ангелы Мэркель, Штэфэн Зайбэрт, прадэманстраваў адзінства з кіраўніком Міністэрства замежных справаў краіны. «Нямеччына на баку тых, хто змагаецца за свабоду і дэмакратыю ў Беларусі, – заявіў ён. – Жорсткасць, з якою Лукашэнка здушыў пратэст апазіцыі, сведчыць пра грубае парушэнне ўсіх дзяржаўна-прававых асноваў».

Незадаволенасць нямецкіх палітыкаў выклікала і закрыццё Офісу АБСЕ ў Беларусі. «Лукашэнка ізалюе сваю краіну для таго, каб усімі спосабамі захаваць некранутым свой супрацьпраўны рэжым і схаваць падрабязнасці пра хаду і праўдзівыя вынікі выбараў», – мяркуе лідар нямецкай Партыі зялёных Кляўдыя Рот.

belsat.eu

Стужка навінаў