«Літве мала не падасца». Лукашэнка помсціць за мядзведзікаў?


Аляксандр Лукашэнка заявіў пра намер пераарыентаваць транзіт вялікіх аб’ёмаў грузаў з краінаў Балтыі на парты Ленінградскай вобласці. Паводле дзяржаўнага інфармацыйнага агенцтва «БелТа», такую заяву кіраўнік дзяржавы зрабіў падчас сустрэчы з губернатарам Ленінградскай вобласці Аляксандрам Драздзенкам.

«Мы вельмі сур’ёзна абмяркоўвалі гэтую тэму на апошняй сустрэчы з Прэзідэнтам Расеі Уладзімірам Пуціным. Мы прынялі прынцыповае рашэнне аб пераарыентацыі вялікіх аб’ёмаў грузаў, у тым ліку калійных угнаенняў, з партоў балтыйскіх дзяржаваў на вашыя парты. Нам трэба вельмі сур’ёзна прапрацаваць гэтую тэматыку», – цытуе Аляксандра Лукашэнку інфармацыйнае агенцтва.

Ці будзе такая змена транзітных шляхоў выгодная для Беларусі? Пакуль што губернатар Ленінградскай вобласці гаворыць пра неабходнасць дамовіцца пра «справядлівыя тарыфы», каб яны «былі хоць бы ў нуль у параўнанні з краінамі Балтыі».

Прыбыткі ад транзіту праз марскія парты складаюць значную долю даходаў літоўскага бюджэту, і Беларусь – адзін з галоўных кліентаў.

Помста за мядзведзікаў?

Пілоты самалёту з мядзведзікамі.Пілоты самалёту з мядзведзікамі.Хоць Літва апошнія гады спрабавала адыгрываць ролю адваката афіцыйнага Менску перад Еўразвязам, стасункі на лініі Менск – Вільня заставаліся прахалоднымі. Сітуацыя пагоршылася пасля «дэсанту мядзведзікаў», калі шведскія пілоты ўзляцелі з літоўскага аэрадрому, перасеклі дзяржаўную мяжу з Беларуссю ды вярнуліся назад. Беларуская пракуратура прасіла Вільню спрыяць у расследаванні інцыдэнту, аднак літоўскія праваахоўнікі фактычна ў гэтым адмовілі.

У жніўні Аляксандр Лукашэнка, абураны сітуацыяй, заклікаў Літву не сядзець, «як мышы пад венікам». «Яны нам мусяць адказаць, чаму далі сваю тэрыторыю для парушэння дзяржаўнай мяжы. Каму-каму, а Літве ў гэтым плане мала не падасца», – падкрэсліў кіраўнік Беларусі.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары