Алег Волчак: Камусьці выгадна паказаць, што ў Беларусі ёсць баевікі


https://youtu.be/f9-Vf9CJbVs
«Жлобінскі шахід», выбух на беларуска-польскай мяжы, хваля нелегальных эмігрантаў, што спрабуюць трапіць у Еўразвяз, і, урэшце, атака на літоўскую амбасаду. Беларусь усё менш падобная да выспы стабільнасці і спакою, якою краіна пазіцыянавала сябе яшчэ год таму. Каму выгадны новы імідж Беларусі?

Хто напаў на амбасаду?

Былы следчы Алег Волчак не выключае, што напад на амбасаду Літвы можа быць звязаны са святкаваннем гадавіны Кастрычніцкай рэвалюцыі. «Ёсць сілы, якія не хочуць, каб Беларусь мела кантакты з Еўразвязам, тым больш на пачатку кастрычніка Лукашэнка заяўляў, што трэба ісці да дыялогу», – гаворыць Волчак.

{movie}Алег Волчак: На амбасаду напалі не шараговыя грамадзяне|right|7403{/movie}Камеры назірання зафіксавалі толькі два хуткія цёмныя сілуэты. Немагчыма нават разабраць, мужчыны гэта або жанчыны. Аператыўнікі дагэтуль не знайшлі нападнікаў.

На думку Волчака, менавіта сілы, што не зацікаўленыя ў дыялогу, маглі зладзіць напад. «Я не думаю, што гэта маглі б зрабіць, напрыклад, незадаволеныя грамадзяне, якім не далі візы. Беларусы – народ спакойны і законапаслухмяны, – гаворыць Алег Волчак. – Шараговы беларус хутчэй напісаў бы скаргу, чым пайшоў бы закідваць бутэлькамі амбасаду».

«Тым больш, да гэтага трэба падрыхтавацца, умець запаліць, умець кінуць і ўцячы. На сёння гэтых людзей не знайшлі, і я лічу, што гэта былі невыпадковыя людзі», – падкрэсліў былы следчы.

Партызанскі раённы аддзел Следчага камітэту Беларусі адкрыў крымінальную справу за хуліганства, здзейсненае групай асобаў (ч. 2 арт. 339 КК). Алег Волчак упэўнены, што інцыдэнт трэба было расцэньваць як тэракт.

На мяжы таксама неспакойна

{movie}Алег Волчак: Каму выгадныя баявікі ў Беларусі?|left|7402{/movie}Напад на амбасаду – гэта толькі адзін з фрагментаў карціны, што сведчыць пра нестабільнасць у Беларусі. За апошні месяц памежнікі рапартавалі пра шэраг затрыманняў нелегальных мігрантаў. Трапіць у Еўразвяз праз беларускую мяжу спрабавалі грамадзяне Егіпту, Афганістану, В’етнаму і Расеі (у тым ліку жыхары Чэчэніі). Мяркуецца, што нелегалы трапляюць у Беларусь праз расейска-беларускую мяжу, якая існуе фактычна толькі на мапах.

Паведамленні пра нелегальных мігрантаў, затрыманых у Беларусі, пачалі сістэматычна з’яўляцца пасля заяваў Лукашэнкі, з якіх вынікала, што Еўразвяз мае дапамагаць Беларусі, у тым ліку фінансава, у абмен на тое, што беларускія памежнікі стрымліваюць вал мігрантаў.

«Мы, як дурачкі, уласным коштам усё, што ідзе з Афганістану праз Расею, лавілі тут. Выбухоўка, радыеактыўныя матэрыялы, нарката. Мы тут усё адсейваем! Навошта нам гэта трэба? Яны ж не да нас ідуць! Яны ідуць праз Расею ў Еўразвяз. Яны нас «шпыняюць», а мы за свае грошы іх абараняем. Я і кажу: плаціце грошы – будзем далей абараняць. Не будзе грошай – у нас няма магчымасцяў», – заявіў Лукашэнка падчас прэс-канферэнцыі для расейскіх журналістаў.

«Ад афіцыйных асобаў вельмі мала паступае інфармацыі, таму цяжка высоўваць нейкія версіі, але гэта не выпадковасці і гэта не выпадковыя людзі возяць боепрыпасы і выбухоўку, – гаворыць Алег Волчак. – Гэта нават не нейкія арганізаваныя бандыцкія групоўкі, бо ўсе разумеюць, што такія рухі на тэрыторыі Беларусі хутка зробяцца вядомымі аператыўным работнікам. У мяне ўзнікае пытанне да сілаў бяспекі: што вы робіце, раз дазваляеце перамяшчэнне той жа зброі ў такой колькасці, калі ўлады да гэтага сапраўды не маюць дачынення?»

Былы следчы гаворыць, што падобныя інцыдэнты адбываюцца, каб «стварыць нервозную атмасферу». «Камусьці выгадна паказаць, што тут ёсць баевікі, ёсць нелегалы. Звярніце ўвагу, што гэта мы назіраем апошнія паўгода-год, а дагэтуль была цішыня», – заўважае Алег Волчак.

belsat.eu
https://youtu.be/9vnhAkdVOvI

Глядзі таксама
Каментары