Віталя Рымашэўскага і Андрэя Дзмітрыева выпусцілі з СІЗА КДБ


Экс-кандыдата на прэзідэнта Беларусі Віталя Рымашэўскага і Андрэя Дзмітрыева, кіраўніка выбарчага штабу Уладзіміра Някляева, выпусцілі са следчага ізалятару КДБ пад падпіску аб нявыездзе.

Пра вызваленне Віталя Рымашэўскага паведамляе БелаПАН са спасылкаю на Дзяніса Садоўскага, адказнага сакратара аргкамітэту стварэння партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя”, сустаршынём якога ёсць Рымашэўскі. Пры вызваленне Андрэя Дзмітрыева журналістам паведаміў палітолаг Віталь Сіліцкі.

Паводле Садоўскага, экс-кандыдата выпусцілі з СІЗА 1 студзеня пасля таго, як ён напісаў тлумачальную запіску на імя Аляксандра Лукашэнкі. “У гэты момант звязацца з Рымашэўскім немагчыма, бо ён знаходзіцца на допыце ў КДБ, і калі выйдзе, не вядома”, – паведаміў Садоўскі.

Ён таксама заявіў, што 4 студзеня Рымашэўскі плануе даць прэс-канферэнцыю. Час і месца яе правядзення пакуль удакладняюцца.

Віталя Рымашэўскага затрымалі каля 01:00 ночы 20 снежня. Падчас акцыі на плошчы Незалежнасці ён атрымаў траўму галавы і быў дастаўлены ў Шпіталь хуткай дапамогі, дзе яму зрабілі перавязку. На выхадзе з лякарні невядомыя людзі ў цывільным затрымалі Рымашэўскага, заштурхнулі яго ў мікрааўтобус і павезлі ў невядомым кірунку. Пазней сваякам паведамілі, што ён утрымліваецца ў СІЗА КДБ.

28 снежня суд Цэнтральнага раёну Менску не задаволіў скаргі адваката Віталя Рымашэўскага на змяненне яму меры стрымання. Паводле адваката Алега Працэнкі, суд пастанавіў пакінуць меру стрымання Рымашэўскаму ў выглядзе ўтрымання пад вартаю з прычыны важнасці крымінальнай справы ды існавання пагрозы таго, што экс-кандыдат можа ўцячы ад следства.

Рымашэўскі ўваходзіць у лік 22 падазраваных, якім выставілі абвінавачанні па крымінальнай справе аб масавых беспарадках у Менску 19 снежня. Справаю займаецца следчае ўпраўленне папярэдняга расследавання ГУУС Менгарвыканкаму. Большасць абвінавачваных утрымліваецца ў СІЗА КДБ. У іх ліку – былыя кандыдаты на прэзідэнцтва Уладзімір Някляеў, Андрэй Саннікаў, Мікалай Статкевіч і Аляксей Міхалевіч, а таксама давераная асоба Рымашэўскага Павел Севярынец, карэспандэнтка расейскай “Новой газеты” і жонка Саннікава Ірына Халіп, намесніца старшыні міжнароднай арганізацыі “Малады фронт” Настасся Палажанка, прэс-сакратар Саннікава Аляксандр Атрошчанкаў, давераная асоба экс-кандыдата Яраслава Раманчука Анатоль Лябедзька, журналістка Наталля Радзіна ды іншыя палітычныя і грамадскія актывісты.

belsat.eu

Стужка навінаў