Бухвостаў: Дзяржава імкнецца ператварыць рабочага ў свайго раба


Адзін з лідараў незалежных прафсаюзаў сцвярджае, што адсутнасць палітычнай свабоды ў дзяржаве адмоўна ўплывае на беларускую эканоміку.

Прэзідэнт распарадзіўся, каб абутковыя прадпрыемствы краіны працавалі цалкам на дзяржаўны бюджэт. На даляглядзе з’явілася магчымасць нацыяналізацыі ды аб’яднання абутковых заводаў у буйныя холдынгі.

{movie}Аляксандр Бухвостаў у “Гарачым каментары”|right|7399{/movie}«Белсату» стала вядома, што аб’яднаўчымі працэсамі будзе кіраваць фірма, дзе ўдзел расейцаў складае 70 %. Аляксандр Бухвостаў заўважыў, што для беларускага рабочага няма розніцы, хто ім кіруе і выкарыстоўвае ягоную працоўную сілу.

«Капіталіст аднолькавы і не мае нацыянальнасці. Рабочы аднолькава залежыць ад кожнага. Гэта не крытычна», – мяркуе лідар незалежных прафсаюзаў.

Разам з тым Бухвостаў лічыць, што палітычная атмасфера, адсутнасць свабоды ў краіне вельмі моцна адбіваюцца на эканамічнай сітуацыі. «Палітычная сістэма пачынае ўплываць на эканоміку: усё мусіць быць пад кантролем. Калі прадпрымальнік незалежны і атрымлівае прыбытак, то гэта не падабаецца дзяржаве, якая пачынае ўмешвацца, а гэта прывядзе толькі да пагаршэння стану беларускай гаспадаркі», – падкрэсліў актывіст.

Нацыяналізацыя ж, упэўнены Бухвостаў, не дасць працаўнікам ніякай перавагі. «Рабочы зацікаўлены ў высокім заробку і ў павазе да яго. А ці будзе ім кіраваць прыватны ўласнік ці дзяржава, яму няма розніцы», – заўважыў Бухвостаў. Ён дадаў, што пры нацыяналізацыі дзяржава дасць рабочаму толькі становішча раба.

belsat.eu

Стужка навінаў