Актывістаў “Маладога фронту” вінаваць у нападзе на грамадзянаў


Змітру Дашкевічу і Эдуарду Лобаву пагражае ад 3 да 10 гадоў зняволення.

Старшыню “Маладога фронту” Змітра Дашкевіча і каардынатара Менскага аддзялення арганізацыі Эдуарда Лобава вінавацяць у нападзе на мінакоў.

Нагадаем, актывістаў затрымалі 18 снежня ў Менску. Паводле відавочцаў, Зміцер Дашкевіч выйшаў з дому, каб вынесці смецце, і знік. Працяглы час было не вядома, дзе ён знаходзіцца.

Намесніца кіраўніка “Маладога фронту” Наста Палажанка напісала ў міліцыю заяву пра ягонае знікненне. Да праваахоўнікаў таксама звярталіся кандыдаты на прэзідэнцтва і маці моладзевых актывістаў з патрабаваннем высветліць, дзе Дашкевіч.

Толькі пасля гэтага на сайце ГУУС з’явілася паведамленне, што Зміцер Дашкевіч, Дзяніс Лазар і Эдуард Лобаў “затрыманыя паводле падазрэння ў здзяйсненні хуліганскіх дзеянняў”. 28 снежня на волю выйшаў Дзяніс Лазар. Абвінавачвання яму не выставілі. Астатніх пакінулі пад вартаю.

Старшыня “Праваабарончага альянсу” Людміла Гразнова мяркуе, што ўлады хочуць зрабіць крымінальнікаў з моладзевых лідараў. Праваабаронца звяртае ўвагу на дзіўныя абставіны затрымання, а хутчэй, знікнення Дашкевіча.

“Змітра і паплечнікаў затрымалі напярэдадні Плошчы, каб пазбавіць іх магчымасці ўзяць удзел у акцыі. Міліцыянтам трэба было неяк апраўдаць свае бяспраўныя паводзіны і скампраметаваць моладзевых лідараў у вачах грамадства, таму і з’явіўся крымінальны артыкул”, – упэўненая Людміла Гразнова.

Частка 3 артыкулу 339 Крымінальнага Кодэксу (“Хуліганства”) прадугледжвае пакаранне пазбаўленнем волі на тэрмін ад трох да дзесяці гадоў. Бліжэйшыя два месяцы Дашкевіч і Лобаў правядуць у турме № 8 у Жодзіна.

belsat.eu

Стужка навінаў