Дэпутаты адклікалі законапраект «Аб абыходжанні з жывёлаю»


Гэта быў адзіны зацверджаны законапраект, які паўстаў з ініцыятывы саміх дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў папярэдняга склікання.

Законапраект не задаволіў аб’яднанняў абароны жывёлы.

У першым чытанні законапраект быў прыняты 28 лістапада 2011 г. Аднак прадстаўнікі грамадскіх арганізацыяў для абароны жывёлы тады раскрытыкавалі дакумент, заявіўшы, што іх меркавання пры яго рыхтаванні не ўлічылі.

Паводле старшыні грамадскага аб’яднання абароны жывёлы «Заасвет» Маргарыты Пушкевіч, некаторыя артыкулы закону пярэчаць Канстытуцыі. Гэтак, норма, згодна з якой у кватэры шматкватэрнага жылога дому можна быць не болей за дзве жывёліны, парушае правы грамадзянаў на валоданне маёмасцю, да якой у Беларусі прыроўненыя коткі, сабакі і г. д.

Маргарыта Пушкевіч кажа, што законапраект таксама не развязвае праблемы жорсткага абыходжання з жывёлаю. Насуперак рэкамендацыям абаронцаў, не прадугледжаная крымінальная адказнасць за жорсткае абыходжанне з жывёлаю, выпадкі якога ва ўмовах фактычна поўнай беспакаранасці ў апошнія гады пачасціліся.

Як падкрэсліла прадстаўніца «Заасвету», законапраект не прапаноўвае і эфектыўнага механізму скарачэння колькасці бяздомнай жывёлы. Прапанова грамадскіх арганізацыяў аб забароне на развядзенне беспародных сабак і катоў у хатніх умовах не была разгледжаная.

Забараніць дытылін!

Раней зоаабарончыя арганізацыі звярталіся да ўладаў Беларусі з патрабаваннем забараніць выкарыстанне ў Беларусі прэпарата для ўсыплення жывёлы – дытыліну. Гэты прэпарат забівае жывёліну з асаблівай жорсткасцю, сцвярджаюць актывісты. Ён выклікае параліч шкілетнай і дыхальнай мускулатуры, і жывёліна памірае ад удушэння доўга і пакутліва, без адключэння свядомасці. Дэпутаты гэты зварот праігнаравалі, як і просьбу скараціць спіс патэнцыйна небяспечных пародаў сабак, у які была ўнесеная нават нямецкая аўчарка.

Маргарыта Пушкевіч мяркуе, што законапраект трэба дапрацаваць, каб ён адпавядаў міжнародным прынцыпам абароны жывёлы і замежнаму вопыту.

Цяперашняя спроба прыняць закон «Аб абыходжанні з жывёлаю» – ужо трэцяя ў Беларусі. Першая адбылася больш за 10 гадоў таму, увосень 2001 г., аднак з-за рэзкай крытыкі грамадскасці закон тады не прынялі. Другая спроба, таксама беспаспяховая, мела месца ў 2007 г.

belsat.eu

Стужка навінаў