КДБ рыхтуецца да Раства


На Куццю адбыліся допыты і ператрусы рэгіянальных актывістаў.

У Гомлі ператрусы ідуць у офісе абласной арганізацыі Аб’яднанай грамадзянскай партыі, а таксама на прыватных кватэрах гомельскага каардынатара партыі БХД Кастуся Жукоўскага і мясцовага актывіста Яўгена Якавенкі.

У Жлобіне міліцыянты прыйшлі да Валерыя Рыбчанкі, грамадскага распаўсюдніка газеты «Товарищ».

Прадстаўнікі Мядзельскага КДБ папярэдзілі пра свой візіт назіральніка кампаніі «За свабодныя выбары» Дзмітрыя Вінаградава, які цяпер знаходзіцца ў службовай камандзіроўцы.

На допыты ў КДБ літаральна сілком даставілі слонімскага актывіста аргкамітэту па стварэнні партыі “Беларуская хрысціянская дэмакратыя” Барыса Кучынскага і маладафронтаўца Юльяна Місюкевіча. Апошняга забралі падчас экзамену ва ўніверсітэце.

Напярэдадні ўвечары супрацоўнікі КДБ атакавалі дом у вёсцы Малінаўка Менскага раёну, дзе жыве кіраўнік менскага штабу Андрэя Саннікава Яўген Афнагель. Актывіста дома не знайшлі, але забралі відэакамеру і камп’ютарнае абсталяванне.

Ператрусы таксама прайшлі ў слуцкіх грамадскіх актывістаў Віталя Амяльковіча і Дзяніса Балакіра, а таксама салігорскага маладафронтаўца, актывіста кампаніі «Гавары праўду!» Андруся Тычыны.

Сёння ж стала вядома, што спіс падазраваных па крымінальнай справе аб масавых закалотах папоўніўся. Адпаведную пастанову ўручылі Дзмітрыю Апішаву. Актывіст ужо адседзеў 11 дзён за ўдзел у акцыі пратэсту. Цяпер ён знаходзіцца пад падпіскай аб нявыездзе. 6 студзеня дома ў Дзмітрыя Апішава правялі ператрус. Міліцыянты забралі ягоную вопратку.

belsat.eu

Стужка навінаў