Оўбама ці Ромні – хто больш карысны для Беларусі?


Заўтра вырашыцца, хто будзе наступным прэзідэнтам Злучаных Штатаў – дэмакрат Барак Оўбама ці рэспубліканец Міт Ромні. Выглядае на тое, што пераможцаў вызначыць «фотафініш».

Паводле апошніх сацыялагічных апытанняў, дзейны прэзідэнт мінімальна апярэджвае свайго суперніка. Усё вырашаць «хісткія» штаты.

Палітолаг Алесь Лагвінец зазначае, што ў дзейнага прэзідэнта традыцыйна больш шанцаў на пераабранне.

«Ён можа абапірацца на тое, што было здзейснена падчас ягонай кадэнцыі. Оўбама – выдатны прамоўца. Чатыры гады таму ён узняў вялізарную хвалю энтузіязму. Цяпер гэтая хваля зменшылася, але гэта не значыць, што амерыканцы расчараваліся ў ім», – мяркуе адмысловец.

І хоць на Оўбаму цяжарам вісяць гіганцкі вонкавы доўг і мінімальнае паляпшэнне эканамічнай сітуацыі падчас ягонага першага тэрміну, ніводзін з кандыдатаў не мае пэўнага спосабу развязаць гэтыя праблемы. Але хто ж з кандыдатаў больш пасуе нашай краіне?

«Далёка за акіянам Беларусь ніколі не будзе першашэрагавым пытаннем. Не трэба чакаць раптоўных зменаў, калі да ўлады прыйдзе Міт Ромні. Вядома, можа памяняцца рыторыка, але калі казаць пра мадэрнізацыю Беларусі, то нельга перабольшваць значэння вонкавага чынніку», – разважае Лагвінец.

Разам з тым Злучаныя Штаты маюць аграмадны ўплыў на рашэнні Міжнароднага валютнага фонду, крэдыт ад якога пакуль беспаспяхова спрабуюць атрымаць улады Беларусі. Беручы пад увагу сённяшняе непрыхільнае стаўленне Белага дому да афіцыйнага Менску, у выпадку перамогі Ромні – пра крэдыт можна забыцца.

belsat.eu

Стужка навінаў