Украіна: Ці будуць перавыбары?


Насуперак прагнозам назіральнікаў украінская выбарчая кампанія зрабіла круты віраж: мясцовая ЦВК звярнулася ў Вярхоўную Раду з просьбаю прызначыць перавыбары ў пяці мажарытарных акругах.

Сваё рашэнне ЦВК аргументуе шматлікімі парушэннямі заканадаўства, у выніку якіх немагчыма высветліць сапраўднай волі выбарнікаў. Пад сценамі будынку камісіі штодня адбываюцца стыхійныя мітынгі апазіцыі, якая дамагаецца пераліку галасоў ажно ў 13 акругах.

Палітолаг Вольга Паповіч падкрэслівае, што найбольшыя парушэнні – менавіта ў мажарытарных акругах.

«Апазіцыя вывела людзей на вуліцы, і, магчыма, улады спужаліся, што гэта можа прывесці да эскалацыі канфлікту: больш людзей захочуць абараніць свой голас. Гэтыя парушэнні відавочныя, таму пасля сустрэчы кіраўніка ЦВК з Януковічам было прынятае рашэнне правесці перавыбары ў пяці найбольш праблемных акругах, дзе «перамагалі» прадстаўнікі ўладаў», – зазначае палітолаг.

Тым часам апазіцыя ўсцяж патрабуе новага падліку галасоў у 13 акругах ды працягвае падаваць доказы фальсіфікацыяў і ў іншых акругах. Таму сённяшняе рашэнне ЦВК нельга назваць перамогай апазіцыі. Хутчэй гэта тактычнае адступленне ўладаў.

«Усё ж такі алігархі, якія ўвесь час побач з Януковічам, глядзяць на Захад і не хочуць, каб для Украіны дзверы на Захад былі зачыненыя, як для Беларусі. Што будзе пасля, прадбачыць цяжка, бо выбарчае заканадаўства не прадугледжвае перавыбараў», – распавядае Паповіч.

Але нават калі перавыбары адбудуцца, то Партыя рэгіёнаў і так захавае бальшыню ў парламенце. Аб’яднаўшыся з камуністамі і праўладнымі «мажарытарнікамі», рэгіяналы хоць і не атрымаюць канстытуцыйнай бальшыні, аднак прынамсі не страцяць пазіцыяў.

belsat.eu

Стужка навінаў