Сёння ў ЗША выбіраюць прэзідэнта


Дэмакрат Барак Оўбама і рэспубліканец Міт Ромні ідуць практычна на роўных. Усё вырашаць восем «хісткіх» штатаў.

Барак Оўбама стаў першым у гісторыі ЗША прэзідэнтам, які прагаласаваў датэрмінова. Выбарчы дзень ён правядзе ў чаканні вынікаў са сваёй жонкаю. Былы губернатар Масачусэтсу Міт Ромні прагаласуе сёння; ён спадзяецца яшчэ паспець наведаць штат Агаё, які можа стаць вырашальным у гэтай выбарчай гонцы. {movie}Выбары ў Дыксвіл-Нотчу|right|7341{/movie}

Вынікі з Дыксвіл-Нотчу (Dixville Notch ): нічыя

Вёска Дыксвіл-Нотч у штаце Нью-Гэмпшыр (New Hampshire) вядомая традыцыяй абвешчання першых вынікаў прэзідэнцкай гонкі. Нешматлікія жыхары галасуюць апоўначы. Сёлета, упершыню за 42 гады, на выбарчым участку нічыя: кандыдаты атрымалі па пяць галасоў.

«Я вельмі здзіўлены з нічыёй. Неверагодна – вось як найлепш апісаць маю рэакцыю. Я не думаў, што Оўбама атрымае так шмат галасоў. Ведаю, што гэтыя ягоныя «змены» [«change» – адзін з лозунгаў Оўбамы на мінулых прэзідэнцкіх выбарах – «Белсат»] далі яму шмат галасоў. Але не думаў, што гэта захаваецца да сёння», – дзівіцца мясцовы прыхільнік рэспубліканцаў Пітэр Джонсан.

«Мяркую, гэта паказвае, наколькі ў нас падзеленая нацыя. Калі людзі паглядзяць на вынікі мінулай кампаніі, то там не было такога падзелу. Думаю, цяпер шмат хто намагаецца зразумець, якая сённяшняя Амерыка. І мы ў нейкай ступені тут рэпрэзентуем увесь амерыканскі народ», – разважае выбарнік Тэнэр Тылатсан.

Як адбываюцца выбары ў ЗША?

Амерыканскія выбары ажыццяўляцца паводле іншай мадэлі, чымся дэмакратычныя выбары ў іншых краінах. Вынік залежыць ад Электаральнай калегіі, якая складаецца з 538 электараў. Для перамогі неабходна набраць простую большасць галасоў – 270.

Кожны штат атрымлівае па тры галасы электараў, рэшта размяркоўваецца паводле велічыні насельніцтва штатаў. Кандыдат, што перамагае ў штаце, атрымлівае ўсе галасы калегіі. То бок, калі штат мае, напрыклад, 30 галасоў і перавага аднаго з кандыдатаў складзе толькі 2 %, ён атрымае ўсе 30 галасоў электараў.

Выключенне – штаты Мэйн і Нэбраска, дзе галасы электараў дзеляцца паводле адсоткаў галасоў, што атрымаюць кандыдаты. То бок магчымая сітуацыя, калі кандыдат пераможа на ўсеагульным галасаванні, але зазнае паразу паводле галасоў электараў. Так было ў 2000 годзе: Эл Ґор атрымаў перавагу на 0,5 % над Джорджам Бушам, але саступіў яму 5 галасоў электараў.

Звычайна вынік выбараў вырашаюць гэтак званыя «хісткія» штаты, якія не вызначыліся, падтрымліваюць яны рэспубліканцаў ці дэмакратаў. Сёлета такіх штатаў восем, і агулам яны даюць 95 галасоў электараў.

belsat.eu

Стужка навінаў