Зміцер Дашкевіч будзе этапаваны ў Горадню


Лідар «Маладога фронту» адбудзе рэшту пакарання ў мясцовай турме № 1.

Пра гэта паведамілі нявесце Дашкевіча Насце Палажанцы, якая амаль тыдзень безпаспяхова спрабавала знайсці яго ў розных турмах.

«Як сказалі ў турме, чакаецца, што Зміцер прыбудзе да іх 7-га або 8-га лістапада. Але паколькі 7-га ў нас свята, наўрад ці ў турме скажуць, прывезлі яго ці не. Я думаю, што гэта стане вядома раніцаю 8-га лістапада», – мяркуе Палажанка.

Дашкевіча меліся этапаваць яшчэ 31-га кастрычніка, аднак да сёння не было вядома, дзе яго трымаюць.

Кіраўнік праваабарончай арганізацыі «Платформа» Андрэй Бандарэнка мяркуе, што стаўленне ў Горадні да Змітра будзе лепшым.

«У савецкі час гэта [Гарадзенская турма № 1] быў вядомы перасыльны пункт для асабліва зацятых рэцыдывістаў. Цяпер там старыя будынкі. Натуральна, што яны далёкія ад выдатнага стану. Але гэтая турма адрозніваецца больш пазітыўным стаўленнем адміністрацыі да вязняў, чымся ў Жодзіне», – зазначае праваабаронца.

Змітра Дашкевіча асудзілі ў сакавіку 2011 года на два гады калоніі. Пачаткова ён адбываў пакаранне ў Горках Магілёўскай вобласці, пасля яго перавялі ў Глыбокае Віцебскай вобласці. Там жа 28-га жніўня мясцовы раённы суд прызнаў яго вінаватым у зацятым непадпарадкаванні адміністрацыі калоніі і дадаў восем месяцаў зняволення. Пасля суда асуджанага перавялі ў Мазырскую калонію № 20. Там ён быў вымушаны абвесціць галадоўку ў адказ на нечалавечае стаўленне адміністрацыі папраўчай установы. У выніку суд Мазырскага раёну таксама прызнаў яго зацятым парушальнікам рэжыму і пастанавіў перавесці ў турму.

У Гарадзенскай турме № 1 адбывае пакаранне яшчэ адзін палітвязень – прадпрымальнік з Ваўкавыску Мікалай Аўтуховіч.

belsat.eu

Стужка навінаў