Аляксандр Лукашэнка: Нельга ганіць ідэі Ілліча


“Нельга ганіць таго, што было ў 1917 годзе, і пускаць пад нож тыя добрыя ідэі, з якімі ішлі Уладзімір Ілліч Ленін і ягоная каманда на гэтую рэвалюцыю”, – перакананы Аляксандр Лукашэнка. Пазней, дадаў кіраўнік дзяржавы, у СССР былі рэпрэсіі ды забойствы людзей, але гэта, на ягонае меркаванне, не перакрэслівае тых ідэяў і лозунгаў, з якімі здзяйснялася Кастрычніцкая рэвалюцыя. Пра гэта ён заявіў 6 лістапада, адказваючы на пытанні журналістаў пасля цырымоніі адкрыцця трох новых станцыяў метро ў Менску.

Аляксандр Лукашэнка лічыць правільным усталяванне ў Беларусі дзяржаўнага свята 7 лістапада – у дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі.

“7 лістапада мы святкуем Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі. А ідэі Кастрычніцкай рэвалюцыі вам прымальныя? А мне яны ўсе прымальныя, бо ўсе рэвалюцыянеры ідуць з добрымі ідэямі да народу, калі штосьці трэба змяніць, перавярнуць. Тады рэвалюцыянеры ішлі з добрымі ідэямі: зямля – сялянам, фабрыкі – працоўным. Ніводнага дрэннага лозунгу не было, і пад гэтымі лозунгамі рэвалюцыянеры перамаглі, і пераможцы былі поўныя рашучасці рэалізаваць гэтыя лозунгі. Гэтыя лозунгі мне прыемныя і цяпер”, – падкрэсліў Лукашэнка.

Да ацэнкі мінулага, адзначыў Лукашэнка, трэба ставіцца “вельмі акуратна, і заўсёды памятаць, што ад мінулага нікуды не падзенешся”. “Ні ў якім разе нельга замоўчваць недахопаў, але трэба выцягваць на паверхню ўсё найлепшае, што было. Мы правільна зрабілі, што захавалі гэтае свята”, – упэўнены кіраўнік Беларусі.

Да 1991 г. у СССР Дзень Вялікай Кастрычніцкай сацыялістычнай рэвалюцыі лічыўся галоўным дзяржаўным святам краіны. Сёння Беларусь – адзіная на постсавецкай прасторы краіна, дзе 7 лістапада па-ранейшаму называецца Днём Кастрычніцкай рэвалюцыі, мае статус дзяржаўнага свята і ёсць выходным днём. У Расеі 7 лістапада адзначаецца як Дзень згоды і прымірэння.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары