Стадыён «Дынама» рэканструююць італьянцы на грошы Чыжа?


За сталічны стадыён “Дынама” ўзяліся ўсур’ёз – Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў да 10 снежня падрыхтаваць архітэктурны праект рэканструкцыі, а Дзяржкантроль заяўляе, што ў цяперашнім стане спартовы аб’ект пагражае бяспецы наведнікаў.

Лукашэнку сорамна за стадыён

Аляксандр Лукашэнка склікаў адмысловую нараду, прысвечаную рэканструкцыі стадыёну. Мяркуецца, што пасля рэканструкцыі “Дынама” будзе выключна футбольным стадыёнам.

Паўстала пытанне пра магчымасць захаваць сцяну вакол стадыёну, якая мае гістарычна-культурную каштоўнасць. Паводле кіраўніка Менгарвыканкаму Мікалая Ладуцькі, у межах сцяны неабходна стварыць новае збудаванне, звязанае з гістарычнаю часткаю. Ён таксама прапанаваў на працягу месяца абвесціць конкурс на найлепшы дызайн-праект, даўшы пераможцу права распрацоўваць і праект стадыёну ўвогуле.

Як паведамляе прэс-служба прэзідэнта, Лукашэнка канстатаваў, што цяпер менскі стадыён “Дынама” прыйшоў у заняпад. “Туды сёння не тое што адпачыць, дык наагул сорамна прыходзіць, калі праводзяцца тыя ці іншыя матчы”, – сказаў кіраўнік дзяржавы.

Лукашэнка даручыў завяршыць усю рэканструкцыю за два гады. “Мы не патрабуем там стварыць суперстадыён, як яго стваралі ў Лондане, або як “Птушынае гняздо” ў Кітаі. Нам не патрэбны такі стадыён. Нам патрэбны кампактны еўрапейскага ўзроўню стадыён, прыкладна на 40–45 тысячаў гледачоў, і “распальцоўкаю” займацца там не трэба. Мы не настолькі багатыя, каб з шыкам штосьці там будаваць. Мае быць функцыянальны, прыгожы стадыён з захаваннем таго гістарычнага аблічча, пра якое мы дамаўляліся”, – паставіў задачу кіраўнік дзяржавы.

Свае погляды на рэканструкцыю і канцэпцыю стадыёна таксама выказаў старшыня цэнтральнага савета БФСТ “Дынама” Юрый Бародзіч. У прыватнасці, размова ішла пра цікавыя напрацоўкі архітэктараў з Італіі. Іх вопыт і веды таксама могуць быць запатрабаваныя. “Мы ж дамовіліся практычна спачатку ўсё пачаць. Дык чаму не прапанаваць італьянцам”, — адзначыў Лукашэнка.

Чыж прафінансуе рэканструкцыю?

Лукашэнка выказаў меркаванне, што рэалізаваць асноўную частку праекту магчыма і без замежных крэдытаў, што зэканоміць значныя сродкі.

З такім падыходам згодны і старшыня асацыяцыі “Беларуская федэрацыя футболу”, старшыня праўлення ААТ “Банк развіцця Рэспублікі Беларусь” Сяргей Румас: “Браць замежны крэдыт на ўвесь праект і плаціць за яго адсоткі было б не вельмі рацыянальна”. Ён адзначыў, што Банк развіцця можа часткова далучыцца да фінансавання.

Значную суму гатовая ўнесці і кампанія “Трайпл”. Яе кіраўнік Юрый Чыж таксама ачольвае назіральны савет ЗАТ “ФК “Дынама-Менск”. У інтэрв’ю дзяржаўнаму тэлеканалу “Беларусь-1” ён заявіў, што кампанія гатовая выдаткаваць на праект каля 30 млн долараў.

У 1990-я “Дынама” рэканструявалі “няправільна”

Старшыня Камітэту дзяржаўнага кантролю Аляксандр Якабсон заявіў пра тэхналагічныя парушэнні, дапушчаныя падчас рэканструкцыі ў канцы 1990-х гг. Напрыклад, пры мантажаванні новых сядзенняў была пашкоджаная гідраізаляцыя памяшканняў пад трыбунамі, з-за чаго туды рэгулярна пранікала вільгаць і ўтваралася цвіль.

Праблема з рэканструкцыяй стадыёну “Дынама” найбольш востра акрэслілася пасля праведзеных у 2001 і 2005 гг. даследаванняў тэхнічнага стану галоўных канструкцыяў заходняй трыбуны. “Было вызначана, што пры выкананні капітальнага рамонту другога яруса на гэтым аб’екце ў 1997 г. адступілі ад распрацаванага праекту, што прывяло да перагрузкі яго галоўных канструкцыяў”, – распавёў Аляксандр Якабсон.

Тэхнічны стан канструкцыяў стадыёну, інжынерных камунікацыяў, унутранае ўтрыманне памяшканняў пад трыбунамі ствараюць рэальную пагрозу для бяспекі ды здароўя наведнікаў стадыёну, убогія ўмовы для карыстальнікаў памяшкання і шкодзяць рэпутацыі гістарычнага сімвалу беларускага футболу”, – канстатаваў старшыня Камітэту дзяржаўнага кантролю.

belsat.eu

Стужка навінаў