Аляксандр Казулін: Апазіцыя рыхтуе новы план


Беларускія лідары ўзяліся за працу над памылкамі, кажа экс-кандыдат на прэзідэнцкіх выбарах 2006 г.

Экс-кандыдат на прэзідэнцкіх выбарах 2006 г. і былы палітычны вязень распавёў пра заяву дэмакратычных сілаў Беларусі на прэсавай канферэнцыі ў Варшаве 5 студзеня. У ёй сцвярджаецца, што Аляксандр Лукашэнка не можа кіраваць краінаю, бо не перамог у выбарах. Далей палітыкі пішуць пра рэпрэсіі небывалага маштабу і заклікаюць, каб Еўразвяз патрабаваў ад беларускага рэжыму тэрмінова вызваліць усіх арыштаваных. Пры гэтым рэкамендуюць выкарыстоўваць усе захады: дыпламатычныя, палітычныя і эканамічныя.

Паводле Аляксандра Казуліна, першая выснова, якую можна з гэтага зрабіць, – беларуская апазіцыя, якую шмат крытыкавалі, усё ж такі аб’ядноўваецца. Ён паведаміў, што цяпер вядуцца кансультацыі не толькі паміж лідарамі, але і з еўрапейскімі і амерыканскімі партнёрамі. Мэта – прыняць канкрэтны, зразумелы і рэалістычны план дзеянняў.

5 студзеня было заяўлена пра стварэнне ў Варшаве офісу Салідарнасці дзеля дэмакратыі ў Беларусі. Напярэдадні Камісія замежных справаў польскага Сейму прыняла рэзалюцыю, у якой прапаноўвае прыняць шырокія санкцыі ў дачыненні афіцыйнага Менску. Пасля ўвядзення бясплатных візаў для беларускіх грамадзянаў польскі ўрад плануе шэраг праектаў, што падтрымаюць дэмакратычныя працэсы ў Беларусі.

Варшава будзе трактаваць Аляксандра Лукашэнку як прэзідэнта дэ-факта, але МЗС Польшчы не мае намеру арганізоўваць з ім сустрэчаў польскіх уладаў на найвышэйшым узроўні. Пра гэта міністр замежных справаў Польшчы Радослаў Сікорскі заявіў на супольным паседжанні камітэтаў міжнародных справаў верхняй і ніжняй палатаў польскага парламенту 4 студзеня. Паводле Сікорскага, калі б Лукашэнка не фальсіфікаваў выбары, ён сустрэўся б у другім туры з кандыдатам ад апазіцыі.

belsat.eu

Стужка навінаў