Аляксандр Атрошчанкаў вырашыў не вяртацца ў Беларусь


Яшчэ адзін актывіст грамадзянскай кампаніі “Еўрапейская Беларусь” – прэс-сакратар былога кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава Аляксандр Атрошчанкаў – прыняў рашэнне не вяртацца на радзіму. Пра гэта ён паведаміў у інтэрв’ю газеце “Наша Ніва”.

Сваё рашэнне Атрошчанкаў растлумачыў магчымым паўторным арыштам. Цяпер ён у Варшаве.

Атрошчанкаў паведаміў, што за межамі Беларусі ён з 3 верасня.

“3 верасня я вяртаўся ў Беларусь з міжнароднай канферэнцыі. Вяртаўся цягніком з Расеі, партызанскімі шляхамі. У цягніку была спроба затрымання, арышту ці выкрадання мяне, – не ведаю нават, як гэта назваць… За некалькі прыпынкаў да Менску ў вагон пачалі заходзіць па адным чалавеку ў цывільным, якія сачылі за мною. Я патэлефанаваў Наталлі Радзінай і сваёй жонцы, паведаміў, што магу быць арыштаваны. Але я змог увесці гэтых людзей у зман і адарвацца. У Менску я нават не заходзіў дадому, бо разумеў, што там мяне могуць чакаць, а адразу вылічваў шляхі адступлення”, – распавёў прэс-сакратар Саннікава.

Ён не стаў удакладняць, якім чынам выехаў з краіны, – з тых меркаванняў, што “гэтым шляхам яшчэ могуць скарыстацца іншыя людзі”.

Атрошчанкаў таксама паведаміў, што за мяжою да яго далучылася сям’я – жонка Дар’я Корсак з нядаўна народжаным сынам. Актывіст “Еўрапейскай Беларусі” мае намер застацца ў Варшаве і займацца “грамадскаю дзейнасцю на карысць Беларусі”.

Пры гэтым Атрошчанкаў падкрэсліў, што пакуль не збіраецца прасіць палітычнага прытулку. “Пакуль я разглядаю сваё перабыванне ў Варшаве як доўгатэрміновую камандзіроўку”, – сказаў ён.



{movie}Вызваленне Аляксандра Атрошчанкава (Архіў)|right|7310{/movie}На пачатку верасня пра сваё рашэнне застацца за мяжою абвесціў каардынатар кампаніі “Еўрапейская Беларусь”, давераная асоба Саннікава Дзмітрый Бандарэнка. Ён цяпер таксама ў Варшаве.

26 кастрычніка стала вядома, што Андрэй Саннікаў атрымаў палітычны прытулак у Вялікай Брытаніі.

Атрошчанкаў быў затрыманы 20 снежня 2010 г. у сваёй кватэры і змешчаны ў Следчы ізалятар КДБ. У сакавіку 2011 г. ён быў асуджаны паводле арт. 293 Крымінальнага кодэксу (масавыя беспарадкі) і прыгавораны да 4 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. У верасні таго ж года выйшаў на волю на падставе ўказу Лукашэнкі аб памілаванні. Адрозна ад Саннікава і Бандарэнкі, з просьбаю аб памілаванні да Лукашэнкі Атрошчанкаў не звяртаўся.

belsat.eu

Стужка навінаў