Аперацыя «Пешаход!»: выжыць на дарозе


Дзяржаўтаінспекцыя распачынае маштабную спецаперацыю “Пешаход!”, што мае за мэту скараціць колькасць дарожных выпадкаў з удзелам пешых удзельнікаў руху. Мабілізаваная ўся сталічная Дзяржаўтаінспекцыя і нават дружыннікі. Ці дапамогуць такія захады паправіць сітуацыю на дарогах?

Флікер уратуе?

Ад пачатку 2012 г. у Менску зарэгістраваныя 290 ДТЗ з удзелам пешаходаў, у выніку загінулі 33 чалавекі.

Паводле адмыслоўцаў, у сутыкненні пешахода і аўтамабіля, што едзе з хуткасцю 50 км/г, першы мае 50-адсоткавы шанец выжыць. Наезд аўтамабіля на пешахода – самы распаўсюджаны від дарожна-транспартных здарэнняў.

Большасць ДТЗ з удзелам пешаходаў адбываецца ў цёмны час. Паводле Дзяржаўтаінспекцыі, гэта абумоўлена тым, што заўважыць чалавека, не пазначанага святлоадбівальнымі элементамі, які пераходзіць праезную частку, або таго, хто ідзе па краі дарогі, досыць складана. Аднак калі ў пешахода ёсць флікер, то адлегласць, з якога кіроўца можа яго заўважыць, узрастае з 25–40 да 140 метраў. І гэта самы дзейсны спосаб засцерагчы сябе на дарозе. Абавязак выкарыстання пешаходамі святлоадбівальных элементаў замацаваны ў правілах дарожнага руху.

З флікерам, канечне, чалавека лепш відаць. Але часам працаўнікі ДАІ перабольшваюць – у ПДР напісана, што чалавек мусіць абазначаць сябе флікерам, калі ён рухаецца па дарогах. А ў гарадах дарогаў няма – гэта вуліцы, а на вуліцах чалавек не абавязаны насіць флікер”, – зазначае кіраўнік аб’яднання “За авто” Арцём Шаркоў.

ДАІ мабілізуе нават дружыннікаў

Арцём Шаркоў, фота belsat.euАрцём Шаркоў, фота belsat.euЯк паведамілі ва ўпраўленні ДАІ ГУУС Менгарвыканкаму, падчас спецаперацыі “Пешаход!” увесь асабісты склад дарожнай міліцыі будзе патруляваць “напружаныя” ўчасткі дарогаў. Нарады ДПС будуць сцягнутыя да аварыйна небяспечных пешаходных пераходаў і месцаў масавага збору людзей. Разам з працаўнікамі ДАІ на дарогі выйдуць чальцы добраахвотнай дружыны. У навучальных установах і на прадпрыемствах міліцыянты правядуць размовы, каб спыніць парушэнні ПДР пешаходамі.

“Адказнасць за парушэнне пешаходамі патрабаванняў правілаў дарожнага руху прадугледжаная арт. 18.23 КаАП, – тлумачыць начальнік аддзелу ДАІ Партызанскага РУУС сталіцы Аляксей Шуранкоў. – У адпаведнасці з гэтым артыкулам парушэнне ПДР пешаходам цягне папярэджанне або штраф ад 1 да 3 базавых велічыняў. А калі ён да таго ж знаходзіцца ў стане алкагольнага або наркатычнага ап’янення, то штраф складзе ад 3 да 5 базавых велічыняў”.

Менавіта пешаходы часцяком і правакуюць дарожна-транспартныя здарэнні. “Людзі часам не разумеюць, што аўтамабіль – гэта дзве тоны жалеза, якія ў прынцыпе немагчыма імгненна спыніць, – гаворыць Арцём Шаркоў. – Большасць пешаходаў не маюць досведу кіравання аўтамабілем, яны не кіроўцы. А пешаход, які кіраваў аўтам, дзесяць разоў паглядзіць у розныя бакі, упэўніцца, што пераходзіць дарогу бяспечна. Тут вялікая праблема менавіта з боку пешаходаў”.

belsat.eu

Стужка навінаў