У Добрушскім раёне прарвала нафтаправод


З-за разрыву нафтаправоду “Дружба” ў Добрушскім раёне нафта разлілася на плошчы 100 квадратных метраў, цяпер завяршаецца ліквідацыя наступстваў разрыву магістральнага нафтаправоду.

4 лістапада прыблізна аб 11.00 адбыўся разрыў нафтаправода Унеча – Мазыр рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства “Гомельтранснафта Дружба” канцэрну “Белнафтахім”.

Як паведаміў прэс-сакратар Гомельскага абласнога ўпраўлення МНС Руслан Габрылёў, разрыў здарыўся каля вёскі Ігаўка Добрушскага раёну. Нафта разлілася на плошчы прыкладна 100 квадратных метраў. Дыспетчар прадпрыемства прыпыніў перапампоўванне нафты на гэтым участку. Труба залягае на глыбіні 4 метры, яе дыяметр – 820 міліметраў, працоўны ціск – 28 атмасфераў.

“Перапампоўванне нафты рабілася праз другі трубаправод. У выніку кропельнага рассейвання нафты ветрам адбылося забруджанне паверхні глебы на ўчастку 70 на 200 метраў. Для ліквідацыі разрыву нафтаправоду, збору нафты і выдалення забруджанага грунту на месцы аварыі працавалі 10 адзінак тэхнікі ды 46 працаўнікоў прадпрыемства “Гомельтранснафта Дружба”. Сіламі ды сродкамі МНС арганізоўвалася пажарная бяспека на месцы аварыі”, – сказаў Габрылёў.

Прыблізна апоўначы пашкоджаны ўчастак трубаправоду быў адрамантаваны. Разлітая нафта сабраная, 5 лістапада працягваецца збор забруджанага грунту.
Транспартаванне нафты пакуль ажыццяўляецца праз рэзервовы трубаправод. Нафтаправод працуе ў штатным рэжыме без змяншэння аб’ёмаў планавай пастаўкі нафты.

Як мяркуецца, прычына аварыі – пашкоджанне каўшом экскаватара нафтаправоду пры правядзенні працаў у падрыхтоўцы трубаправоду для замены ізаляцыйнага пакрыцця. На месцы аварыі працуе раённая камісія надзвычайных сітуацыяў.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары