Саакашвілі «абразаюць» бюджэт


Новы ўрад Грузіі на чале з мільярдэрам Бідзына Іванішвілі плануе налета радыкальна скараціць выдаткі прэзідэнта Міхэіла Саакашвілі.

Працоўнае месца Міхэіла Саакашвілі – у сучасным будынку з велізарным трохмерным выгнутым шкляным купалам, распрацаваным італьянскім архітэктарам Мікеле Дэ Люкі (Michele De Lucchi). Будаўніцтва пачалося ў 2004-м і завяршылася ў 2009 годзе.

«Прэзідэнт выдаткоўвае 800 000 лары ($ 482 000) штогод толькі на аплату рахункаў за электрычнасць у палацы, які ён пабудаваў. Мы ўсё яшчэ спрабуем высветліць, колькі каштавала самое будаўніцтва, што фінансавалася з некалькіх міністэрстваў», – заявіў Іванішвілі журналістам пасля паседжання ўраду, дзе абмяркоўваўся праект бюджэту Грузіі на 2013 год.

Іванішвілі запрапанаваў прэзідэнту пакінуць палац і заняць адзін паверх у будынку дзяржаўнай канцылярыі, дзе працуе ўрад. Прэс-сакратар Саакашвілі адмовіўся сказаць, ці пагодзіцца прэзідэнт на пераезд, калі прымуць новы бюджэт.

Акрамя таго, прэзідэнт Грузіі можа застацца без самалёта – Міністэрства абароны адмаўляецца яго абслугоўваць. Іраклі Аласанія, міністр абароны Грузіі, заявіў журналістам, што ўтрыманне летака каштуе міністэрству каля 800 тысяч лары за месяц, і ўрад не можа дазволіць сабе такіх выдаткаў.

Мільярдэр Бідзына Іванішвілі стаў прэм’ер-міністрам Грузіі пасля апошніх парламенцкіх выбараў, дзе перамог партыю, што падтрымлівае Міхэіла Саакашвілі. Цяперашні прэзідэнт сам разлічваў у будучыні на пасаду прэм’ер-міністра, бо больш не можа балатавацца на прэзідэнцкую пасаду. Дзеля гэтага нават змянілі Канстытуцыю: неўзабаве Грузія станецца парламенцкаю дзяржаваю, дзе прэм’ер будзе мець шырэйшыя паўнамоцтвы, чымся прэзідэнт.

belsat.eu

Стужка навінаў