Яшчэ восем еўрапейскіх краінаў далучыліся да санкцыяў


Гэта Албанія, Ісландыя, Ліхтэнштэйн, Македонія, Нарвегія, Сербія, Харватыя і Чарнагорыя.

Вярхоўная прадстаўніца ЕЗ у пытаннях вонкавай палітыкі ды палітыкі бяспекі Кэтрын Эштан вітала далучэнне васьмі краінаў Еўропы да рашэння Еўразвязу працягнуць санкцыі ў дачыненні афіцыйнага Менску да 31 кастрычніка 2013 года.

“Еўрапейскі Звяз прымае да ведама і вітае рашэнні гэтых дзяржаваў”, – гаворыцца ў заяве вярхоўнай прадстаўніцы ЕЗ, тэкст якой траіў у “РИА Новости” (афіцыйна дакументу пакуль не апублікавалі).

Варта адзначыць, што ўсе гэтыя краіны, акрамя Нарвегіі, заявілі пра сваё далучэнне да санкцыяў ЕЗ у дачыненні Беларусі яшчэ ў чэрвені 2012 года.

15 кастрычніка Рада міністраў замежных справаў краінаў ЕЗ прыняла рашэнне працягнуць санкцыі да 31 кастрычніка 2013 года ў сувязі з тым, што “не ўсіх палітзняволеных вызвалілі, а вызваленых не рэабілітавалі, а таксама з прычыны адсутнасці паляпшэнняў у сферы захавання правоў чалавека, вяршэнства закону і дэмакратычных прынцыпаў”.

Пад візавыя і эканамічныя санкцыі ЕЗ трапляюць 243 беларускія чыноўнікі, у тым ліку Аляксандр Лукашэнка.

belsat.eu

Стужка навінаў