Радзькоў: «Белая Русь» заваявала міжнародны аўтарытэт


У Палацы Рэспублікі ў Менску адкрыўся чарговы з’езд грамадскай арганізацыі «Белая Русь». У працы з’езду бяруць удзел больш за 400 дэлегатаў і больш за 70 гасцей. Справаздачу аб пяці гадах дзейнасці арганізацыі даў старшыня Аляксандр Радзькоў, паведамляе БЕЛТА.

Аляксандр Радзькоў падкрэсліў, што ўзнікненне актыўнай грамадзянскай супольнасці ў Беларусі звязанае наўпрост з дзейнасцю «Белай Русі». Ён дадаў, што аб’яднанне заваявала аўтарытэт на міжнароднай арэне, бо замежныя ўстановы праяўляюць цікавасць да пазіцыі «Белай Русі» адносна важных палітычных і грамадскіх падзеяў у краіне.

Паводле Радзькова, за час свайго існавання арганізацыя стала адною з самых шматлікіх у Беларусі: цяпер у яе шэрагах налічваецца амаль 133 тыс. сябраў, злучаных у больш як 7 тыс. нізавых суполках. “Гэта 2,3 % працаздольнага насельніцтва Беларусі”, – канстатаваў кіраўнік «Белай Русі».

Росчыркам пяра партыі не створыш

Арганізацыя, як адзначыў Радзькоў, не будзе спяшацца стаць партыяй. “Для пераходу ў партыю павінна выспець сітуацыя як вонкава, так і ўнутрана, а цяпер большасць сябраў нашай арганізацыі лічаць, што гэты пераход заўчасны”, – сказаў чыноўнік.

У Беларусі толькі пачаўся працэс паўставання грамадзянскае супольнасці, адбываецца сталенне самасвядомасці, заўважыў Аляксандр Радзькоў.

Старшыня “Белай Русі” нагадаў, што ў сваім пасланні да парламенту і беларускага народу ў траўні 2012 прэзідэнт падкрэсліў: “Грамадзянская супольнасць і дэмакратыя не нараджаюцца росчыркам пяра паводле прэзідэнцкага ўказу. Яны зараджаюцца і прарастаюць у розумах мільёнаў адказных грамадзянаў”.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары