Саннікаў: Палітвязняў у турмах проста забіваюць


Напрыканцы кастрычніка экс-кандыдат на прэзідэнцтва Андрэй Саннікаў атрымаў прытулак у Вялікай Брытаніі. І толькі цяпер былы палітвязень распавёў, чаму быў вымушаны пайсці на гэткі нялёгкі крок.

На выбарах-2010 Саннікаў быў на другім месцы пасля Лукашэнкі. У дзень галасавання, 19 снежня 2010 года, палітыка і ягоную жонку, журналістку Ірыну Халіп, затрымалі. Пазней іх абвінавацілі ў арганізацыі масавых закалотаў. Саннікаў атрымаў 5 гадоў узмоцненага рэжыму, а Халіп – 2 гады пазбаўлення волі з адтэрмінаваннем на два гады. Экс-кандыдат выйшаў на волю, толькі падпісаўшы прашэнне аб памілаванні на імя Лукашэнкі. Кіраўнік Беларусі адразу ж пасля першага інтэрв’ю Саннікава прыгразіў, што той можа ў хуткім часе вярнуцца ў калонію.

У інтэрв’ю агенцтву «Ройтэрз» Андрэй Саннікаў заявіў, што палітвязняў утрымліваюць у жахлівых умовах і зняволеныя патрабуюць неадкладнага вызвалення.

«Іх там проста забіваюць, іх катуюць, для іх стварылі нечалавечыя ўмовы, і спадзяюся, што гэта (ад’езд у Вялікую Брытанію – «Белсат») мо ім неяк дапаможа. У Лукашэнкі ж заўсёды адная і тая ж гульня: яму патрэбныя грошы, каб захаваць уладу. Дзеля таго, каб яе захаваць, ён хоча захаваць гэтую абсалютна састарэлую эканамічную мадэль, якая працуе ўжо супраць эканомікі», – цвердзіць экс-кандыдат.

Паводле палітыка, Лукашэнка працягвае балансаваць паміж Расеяй і Захадам, і пакуль у яго гэта атрымліваецца, беларускай «стабільнасці» мала што пагражае.

«Пра нейкія амбіцыі было б бессэнсоўна казаць. Тое, што я хачу вярнуцца ў краіну, – гэта так; тое, што я хачу быць патрэбным сваёй краіне, – вядома, буду прымаць нейкія прапановы. Але казаць пра гэта яшчэ заўчасна. Шчыра кажучы, гэта ненатуральная для мяне сітуацыя», – прызнаецца палітык.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары