Віктар Шалкевіч: Сучаснае кабарэ трэба адрасаваць цяперашнім беларускім бізнесоўцам


Ці былі кабарэ ў Слоніме і Баранавічах у 1930-я гады? Гэтаму прысвяціў сваю фантазію рэжысёр Купалаўскага тэатру Мікалай Пінігін. З 31-га кастрычніка да 3-га лістапада на сцэне менскага Дому афіцэраў – музычны спектакль «Местачковае кабарэ». «Белсат» пагутарыў з вядомым гарадзенскім бардам, акторам, удзельнікам спектаклю, Віктарам Шалкевічам.



«Тут усе такія сталічныя, а я адзін заезджы фраер»

– Міжваенны час. З Парыжу ў Варшаву, адтуль – у Беласток і Горадню пашыраецца культура кабарэ. Чым яна можа быць цікавая для сённяшняга гледача?

– Кабарэ ствараліся для сярэдняга класу – буржуазіі. У той жа міжваеннай Польшчы буржуазія была збольшага габрэйскаю. Менавіта для іх пісаліся скетчы: пра Гольбэрга, Васэрмана, Мэера, Голдмана. Яны пазнавалі ў іх сябе: з пэйсамі, у ярмолках, сурдутах. Гэтая культура была адрасная. Вядома, кабарэ было і своеасаблівым спосабам выцыганьвання грошай. Артысты кабарэ атрымоўвалі ганарары, непараўнальна большыя, чымся артысты тэатраў. У кабарэ выступалі сапраўдныя зоркі тых часоў: Толя Манкевічуўна (Tola Mankiewiczówna), Мечыслаў Фоґ (Mieczysław Fogg). Амаль усе польскія актрысы і акторы, якія здымаліся ў кіно, выконвалі ролі ў кабарэ. Гэтая з’ява доўжылася да Другой сусветнай вайны. Мечыслаў Фоґ пісаў, што яны гралі нават 3, 5,6 верасня, калі немцы пачалі бамбіць Варшаву.

– А ці маглі б Вы ўявіць сучаснае беларускае кабарэ?

– Хэмар (Chemar), Тувім (Tuwim) пісалі тэксты пра тое, што яны бачылі. Каб паўстала сучаснае беларускае кабарэ, трэба падумаць пра тое, якія праблемы і клопаты хвалююць цяперашніх беларускіх бізнесоўцаў. Але гэта было б зусім іншае кабарэ. Афіша спектаклю «Местачковае кабарэ»Афіша спектаклю «Местачковае кабарэ»

– Ваш герой – Валенты Ядвабкевіч, пясняр з Прыблудзіч. Адкуль такое незвычайнае імя?

– У мяне ў Горадні ёсць сябар – мастак Валодзя Кіслы. Калісьці ён мне выдумаў такое прозвішча – Валенты Ядвабкевіч. Шалкевіч – гэта ж «шаўковы». Валодзя пераклаў мяне як Ядвабкевіча. А Прыблудзічы – гэта такая міфічная вёска ў былым Ваўкавыскім павеце. «Скуль ты?» – «З Прыблудзічаў». Мая мама-нябожчыца так паўтарала. Дык вось Мікалай Пінігін не ўзяў маёй п’есы «Карчма «Забава», а стварыў сваё «Местачковае кабарэ». Мяне запрасіў з трыма песнямі: «Гарадоцкі раманс», «Яна праваслаўная, я каталік» і «Танга «Цнота». Тады я прапанаваў: «Давай я буду называцца Валенты Ядвабкевіч, пясняр з Прыблудзіч». Рэжысёр сказаў: «О! Геніяльна!». Ну, і выйшла так, што тут усе такія сталічныя, а я адзін заезджы фраер.

– Насамрэч, Вы, бадай, адзіны актор у трупе, які жыве не ў Менску і для якога заходнебеларуская культура родная!

– Мой герой прэзентуе культуру не сялянскую, а культуру места – гораду або малога мястэчка. Гэта самае галоўнае. Ну і тэма, вядома, – 1930-я гады. Воз гаршчкоў у Гайнаўцы прададзены, доля і нядоля: чаму Бог падзяліў на рускіх і польскіх? Я з дзяцінства магу пахваліцца, што рос у вельмі цікавай атмасферы. Няма чаго ўжывацца ў ролю, бо гэта маё і натуральнае. Тут галоўнае – трапіць з аркестрам у пачатак і добра ўсё праспяваць. Ну, і трэба трохі «парваць» публіку апошняю песняю, але публіка аказалася дастаткова граматная – усё зразумела.

«Гарадоцкі раманс» на фоне афіцэрскага антуражу

– Дарэчы, Вы заўважылі сярод публікі Ярмошыну, Латушку, ягоных намеснікаў, генеральнага пракурора?



– Мне данеслі, што яны былі. Ведаеце, калі б я ў Горадні заўважыў у зале на прэм’еры кіраўнікоў абласнога ці гарадскога выканкамаў, я страшэнна здзівіўся б. А тут я не здзіўляюся. Тут людзі лічаць за гонар, за абавязак прыйсці паказаць сябе. Калі я прыязджаю ў тэатр, я часта бачу адказных людзей. Гэта пытанне іхнага прэстыжу.



– Ці цяжка было артыстам кабарэ зжыцца з чырвонаармейскімі зоркамі, пампезнаю ляпнінаю, сцягамі Дому афіцэраў?

– Дом афіцэраў – увогуле досыць дзіўная рэліктавая з’ява. Вы ж бачыце, што тут: «Вот причина пожара», «При пожаре звонить…» (плакаты МНС, прысвечаныя тэхніцы бяспекі – «Белсат»). Гэта ж усё засталося ці не з 1950-х гадоў. Проста ў Купалаўскага тэатру няма выйсця: граць або тут, або ў Палацы прафсаюзаў. Што такое быць акторам пагарэлага тэатру?! Быць акторам тэатру, які рамантуюць, яшчэ горш, чымся пагарэлага. Бадзяцца па чужых будынках, плаціць арэнду і думаць: калі здадуць наш тэатр? Таму нам афіцэрскі антураж не перашкаджае. Калісьці акторы гралі ў стражацкіх рамізах. Гэта такія хлявы пажарныя, дзе ставіліся вазы з помпамі.

Можна ўяўляць, што мы ў стражацкіх рамізах (усміхаецца).

…І пра «Белсат»



– Не магу не спытаць пра вашу праграму на «Белсаце». Ці плануеце працягваць здымкі праграмы «Вагон»?

– Усе пытанні да кіраўніцтва праграмы. Гэта ж залежыць, наколькі яна аглядальная, наколькі яе разумеюць. Я бачыў праграмы, якія лічацца рэйтынгавымі. Я такіх праграмаў не рабіў бы. Я бачу, што «ездзяць» па Ярмошынай і гэтак далей. Але ж учора яна была ў зале. Дзе былі тыя, хто рабіў пра яе праграму? Вядома, я хацеў бы яшчэ нешта зрабіць на тэлебачанні. Але немагчыма тры гады рабіць адно і тое ж. Хоць «Вагон» – невычэрпная крыніца. Сядзьце а 8:20 у цягнік Горадня–Парэчча, праедзьце гадзіну – і вы назбіраеце сюжэтаў на дзесяць выданняў.

– Вы сапраўды бралі гісторыі для праграмы з гэтага электравіка?

– Вядома! Там і былыя настаўніцы, і ваенныя пенсіянеры, былыя працаўнікі шклозаводу і «Азоту». Трэба толькі паслухаць, пра што яны гавораць раніцаю. Я лічу, нельга сядзець дзе-небудзь у Празе і расказваць пра няшчасную долю беларускага народу. Мне вельмі падабаецца жыць тутака і глядзець, як людзі ацэньваюць здарэнні: ці ёсць у іх спроба пратэсту, ці яны пакорліва прыстасоўваюцца да абставінаў?

Гутарыла Аліна Каранкевіч

Стужка навінаў