«Алімпійская зачыстка»: Дзяржкантроль выявіў «недапушчальныя парушэнні» ў працы НАК


Паводле Дзяржкантролю, значныя сумы грошай Нацыянальны алімпійскі камітэт выдаткоўваў на прэміі ўласным працаўнікам.

Яны ў НАК атрымлівалі не толькі заробак, які значна перавышаў сярэдні па краіне, але і рэгулярна прэміяваліся за гэтак званае выкананне дадатковых паказнікаў працы. Устаноўленыя факты неэфектыўнага выкарыстання кватэраў, што трымаюцца на балансе апарату НАК, і зацягвання будаўніцтва будынку штаб-кватэры. Пра гэта заявіў старшыня Камітэту дзяржаўнага кантролю Аляксандр Якабсон на пасяджэнні выканкаму НАК 1 лістапада.

Паводле яго, апарат НАК празмерна захапіўся паляпшэннем свайго дабрабыту, не забяспечваючы ў належнай меры ажыццяўлення галоўнай статутнай задачы – развіцця алімпійскага руху і спорту. Калі ў 2010 г. выдаткі на ўтрыманне апарату НАК складалі менш за траціну ад усёй сумы выдаткаў, то за дзевяць месяцаў сёлета яны склалі амаль палову.

Цяпер Дзяржкантроль разам з праваахоўнымі органамі пачаў правяраць Рэспубліканскі цэнтр алімпійскай падрыхтоўкі коннага спорту і конегадоўлі. Працягваецца маштабнае правяранне Міністэрства спорту і падначаленых яму арганізацыяў.

Новы першы віцэ-прэзідэнт НАК Ігар Рачкоўскі паведаміў пра захады, якія ён мае намер у першую чаргу зрабіць на новай пасадзе: «У самыя кароткія тэрміны, літаральна цягам наступнага тыдня, будзе наведзены парадак. Трэба браць прафесійных фінансістаў, бо фінансавая дысцыпліна не тое што парушаная, яе там проста няма».

belsat.eu

Стужка навінаў