Міністэрства юстыцыі хоча пакараць адваката Андрэя Саннікава


Адвакаты іншых асобаў, якія ўдзельнічалі ў акцыі пратэсту 19 снежня, атрымалі папярэджанні.

Калегія Міністэрства юстыцыі пачала разгляд „дзейнасці асобных адвакатаў, якія ажыццяўляюць абарону асобаў, што ўдзельнічалі 19–20 снежня 2010 года ва ўчыненні дзеянняў, скіраваных на арганізацыю масавых беспарадкаў”.

На адрас Менскай гарадской калегіі адвакатаў Міністэрства юстыцыі накіравала дакладную запіску аб прыцягненні адваката экс-кандыдата на прэзідэнта Андрэя Саннікава Паўла Сапелкі да дысцыплінарнай адказнасці.

Таксама прапаноўваецца разгледзець пытанне аб мэтазгоднасці яго знаходжання ў складзе прэзідыуму Менскай гарадской калегіі адвакатаў. Прычына – выказванні Паўла Сапелкі пра тое, што ў краіне існуе „прэсінг з боку дзяржавы на дзейнасць адвакатаў”.

На афіцыйным сайце Міністэрства юстыцыі паведамляецца, што калегія вывучыла публікацыі ў СМІ ды ўсталявала, што адвакаты Менскай гарадской калегіі адвакатаў Ірына Бурак (абараняе лідара Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоля Лябедзькі) і Мар’яна Сямешка (рэпрэзентуе інтарэсы журналісткі Наталлі Радзінай) інтэрв’ю не давалі, хоць спасылкі на іх ёсць. Іншыя адвакаты атрымалі папярэджанні: ім параілі выказвацца ў медыях „больш карэктна”, каб не даваць падставы для „скажэння рэальных фактаў і атрыманай інфармацыі”. Пра гэта паведамляе сайт Міністэрства юстыцыі.

Праваабаронца Беларускага Хельсінкскага камітэту Гары Паганяйла адзначае, што такія заявы і дзеянні скіраваныя на нагнятанне страху ў грамадстве. “Нават самыя страшныя злачынцы паводле закону маюць права на адваката. Імаверна, задача чыноўнікаў і спецслужбаў – паралізаваць дзейнасць адвакатаў, праваабарончых ды іншых арганізацыяў дэмакратычнага характару, якія дапамагаюць сённяшнім палітзняволеным. Усё гэта можна назваць істэрыкаю ўладаў і беззаконнем, калі ўся сістэма дзяржкіравання стала закладніцаю аднаго чалавека”, – лічыць эксперт.

belsat.eu

Стужка навінаў