Сяргей Альфер: Лаяльным будзе прасцей балатавацца


Моцныя партыі, незалежна ад іх палітычнай арыентацыі, – праблема для Аляксандра Лукашэнкі. Нягледзячы на паўгадавыя запэўніванні лідараў РГА «Белая Русь» пра гатоўнасць да пераўтварэння ў палітычную партыю, кіраўнік дзяржавы так і не даў адмашкі на рэалізацыю гэтай ідэі. Замест гэтага старшыня ЦВК Лідзія Ярмошына прапанавала надзяліць грамадскія аб’яднанні правам вылучаць кандыдатаў у дэпутаты. Гэта значыць, яны пачнуць выконваць адну з галоўных функцыяў палітычных партыяў.

Грамадская арганізацыя = партыя?

Паводле Ярмошынай, правам вылучаць кандыдатаў у дэпутаты можна надзяліць рэспубліканскія грамадскія аб’яднанні, у склад якіх уваходзіць больш за тысячу чалавек.

Эксперт у галіне выбарчага заканадаўства Сяргей Альфер адзначае сумнеўнасць гэтай ідэі.

«У цывілізаваных краінах толькі адзін від грамадскіх аб’яднанняў надзелены правам вылучэння кандыдатаў у дэпутаты – гэта палітычныя партыі. Там партыі ёсць непасрэднымі суб’ектамі палітычнага працэсу, іх дзейнасць якраз і накіраваная на ўдзел у выбарах і рэалізацыю праграмаў шляхам правядзення сваіх прадстаўнікоў у дэпутаты», – адзначае суразмоўца.

Больш за тое, падкрэслівае ён, грамадскія або няўрадавыя аб’яднанні ў замежнай інтэрпрэтацыі – структуры, якія не займаюцца палітычнаю дзейнасцю, а вырашаюць свае статутныя мэты шляхам камунікацыі з дзейнымі ўладамі.

Удзел такіх аб’яднанняў у выбарах заключаецца не ў вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты, а ў рэалізацыі сябрамі гэтых аб’яднанняў актыўнага выбарчага права. Гэта значыць у наведванні ўчасткаў і галасаванні за тую або іншую палітычную партыю.

Працоўныя калектывы могуць абмежаваць

Поруч з даваннем права вылучаць кандыдатаў грамадскім аб’яднанням Лідзія Ярмошына прапаноўвае адмовіць у гэтым праве працоўным калектывам.

Сяргей Альфер мяркуе, што цалкам адхіліць працоўныя калектывы ад вылучэння кандыдатаў у дэпутаты ўлада ўсё ж не асмеліцца. Замест гэтага, мяркуе ён, такое права лімітуюць, гэта значыць яно будзе распаўсюджвацца толькі на мясцовыя выбары, на якіх акругі невялікія, а таму працоўныя калектывы могуць мець у іх істотны ўплыў.

Разам з тым, лічыць эксперт, вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты як грамадскімі аб’яднаннямі, так і працоўнымі калектывамі – гэта ўчарашні дзень.

Аднак улады кіруюцца сваёй логікаю: вылучэнняў ад працоўных калектываў робіцца ўсё менш і менш, вылучэнне праз збор подпісаў забірае шмат сілаў і энергіі, патрабуючы наяўнасці сур’ёзнай ініцыятыўнай групы. Як альтэрнатыва гэтаму – надзяленне грамадскіх аб’яднанняў правам вылучэння кандыдатаў.

«Не выключана, што менавіта таму і з’явілася ідэя выкарыстаць на выбарах рэспубліканскія грамадскія аб’яднанні, якія лаяльныя дзейнай уладзе і праз якія можна вылучыць любую колькасць патэнцыйных кандыдатаў пры мінімальнай затраце сілаў», – адзначае Альфер.

Вядома, калі б «Белая Русь» прайшла этап пераўтварэння ў партыю, адпала б і неабходнасць увядзення дадатковага права вылучаць кандыдатаў. «Але ў Лукашэнкі ёсць сур’ёзная насцярожанасць адносна пашырэння ролі палітычных партыяў у выбарчым працэсе», – кажа эксперт.

Мадэрнізацыя Лукашэнку не на карысць?

Улады гавораць пра мадэрнізацыю, спрабуючы, у прыватнасці, перахапіць тэзісы прапанаванага ЕЗ «Еўрапейскага дыялогу аб мадэрнізацыі з Беларуссю», але яўна пакуль не гатовыя рабіць рэальныя крокі ў гэтым кірунку. Бо ў такім выпадку закранаюцца вельмі балючыя для Лукашэнкі пытанні пераразмеркавання паўнамоцтваў.

«У Беларусі персаналісцкі рэжым, таму пераразмеркаванне паўнамоцтваў ажыццявіць цяжка», – адзначае палітычны аглядальнік Паўлюк Быкоўскі.

Нават фармальнае пераразмеркаванне паўнамоцтваў, якое магло б адбыцца пры стварэнні кіроўнай партыі, у нейкай меры паменшыла б уплыў Лукашэнкі.

«Ён бы прымаў рашэнні не настолькі аднаасобна, быў бы вымушаны лічыцца з партыяй, – адзначае эксперт. – Таму яму асабіста гэта не падабаецца. Лукашэнка прама ўказвае на сваю пазіцыю, наменклатура супраць яго ісці не гатовая, таму і праект пераўтварэння «Белай Русі» не рэалізуецца доўгі час».

У выніку ўлады ідуць на паўмеры.

«Тое, што грамадскія аб’яднанні атрымаюць права вылучаць кандыдатаў у дэпутаты, не зменіць сітуацыі. Якая розніца, збіралі іх прадстаўнікі подпісы, вылучаліся ад працоўнага калектыву або будуць вылучацца ад самога аб’яднання. Не прынцыпова, як ідзе вылучэнне, калі кандыдаты не маюць сваёй праграмы, не свецяцца ў медыях і не вядуць рэальнай барацьбы за дэпутацкі мандат», – лічыць Быкоўскі.

У той жа час, упэўнены ён, пераход да выбараў паводле партыйных спісаў змяніў бы сітуацыю кардынальна.

«Тады было б прасцей – у тым ліку кіроўнаму рэжыму – разумець, хто свой, а хто чужы. Ва ўладаў быў бы маркер: хто ідзе паводле спісу «Белай Русі», – той свой, астатнія – у рознай ступені чужыя. З другога боку, гэта дае і некаторыя перспектывы апазіцыі: яе электарату было б прасцей галасаваць за прадстаўнікоў апазіцыйных партыяў», – адзначае эксперт.

Сяргей Каралевіч, БелаПАН

Стужка навінаў