«Размова Мацкевіча»: ашчаджэнне па-беларуску


Ці варта захоўваць грошы ў ашчадных касах, ці варта назапашваць скарбы? У дзень ашчаджэння госцем праграмы «Размова Мацкевіча» быў Канстанцін Жураўскі – прадпрымальнік, фінансавы кансультант.

Падчас «паўлаўскай рэформы», яшчэ ў савецкія часы, сотні тысяч беларусаў фактычна згубілі ўсе свае ашчаджэнні, давераныя савецкаму «Сбербанку». «У іх не было адукацыі, яны былі фінансава непісьменныя. Менталітэт савецкага чалавека дагэтуль застаецца і застанецца яшчэ надоўга. Паводле гэтага менталітэту, за чалавека ўсё зробіць дзяржава. Ты нарадзіўся, атрымліваеш адукацыю, атрымліваеш працу, працуеш 50 гадоў, атрымліваеш пенсію і ты ў выніку пражываеш шчаслівае жыццё. У заходнім менталітэце не так: ты нарадзіўся і з дзяцінства ведаеш, што будзеш жыць у жорсткім свеце, дзе табе прыйдзецца шмат канкураваць, змагацца за сваё месца», – гаворыць Канстанцін Жураўскі.

Сёння толькі 10 % беларусаў маюць дэпазіты ў банках. Колькі насельніцтва Беларусі захоўвае зберажэнняў «пад падушкаю», ніхто не ведае. Ці ашчаджаць, адкладваць грошы – гэта прэрагатыва толькі заможных? «Я ведаю дастаткова шмат людзей, якія зарабляюць, паводле беларускіх мерак, вялікія грошы – $ 1500–2000 на месяц, але, маючы менталітэт беднага чалавека, 28-га дня кожнага месяца яны бегаюць і шукаюць, у каго пазычыць, – зазначае госць праграмы. – А ёсць людзі, што зарабляюць $ 300–400 і паспяваюць падарожнічаць па свеце».

Як беларусам навучыцца ашчаджаць грошы? Глядзіце «Размову Мацкевіча»!

belsat.eu

Стужка навінаў