Джэймза Бонда нарэшце ўхваліў Ватыкан


Афіцыйнае выданне Святога Пасаду «L’Osservatore Romano» назвала найлепшым фільмам пра агента Яе Міласці стужку «Skyfall».

Перадусім таму, што агенту 007 нарэшце дазволілі смуткаваць і ліць слёзы. Новай серыі прыгодаў Джэймза Бонда газета прысвяціла цэлую паласу ў нумары за 31 кастрычніка.

Аўтар артыкулу, Ґаэтана Валліні (Gaetano Vallini), падкрэслівае: агента зрабілі больш чалавечным, бо яго «менш прыцягваюць людскія забавы, ён больш памяркоўны, не настолькі непераможны фізічна і псіхічна», «здольны нават да перажыванняў і слёз, адным словам – больш рэалістычны».

Пры гэтым, адзначае аўтар, у фільме дастаткова ўсіх класічных складнікаў: запамінальная песня, поўныя адрэналіну сцэны, экзатычныя пейзажы, прыгожыя дзяўчаты Бонда і нават міфічны «Aston Martin DB5».

Валліні пахваліў актораў, сярод іншых – Хавіера Бардэма (Javier Bardem), і рэжысёра Сэма Мэндэса (Sam Mendes), які ўдала аздобіў свой твор цытатамі з папярэдніх серыяў. Побач з артыкулам у «L’Osservatore Romano» змясцілі інтэрв’ю з выканаўцам галоўнай ролі – Дэньелам Крэйґам (Daniel Craig).

belsat.eu

Стужка навінаў