Замена міністраў – медалёў не прынясе


У беларускім спорце перамены, а дакладней – замены. Пасля разгрому Лукашэнкам чыноўнікаў на «алімпійскім сходзе» і адстаўкі міністра Алега Качана, сёння стала вядома пра новыя прызначэнні.

Міністрам спорту паставілі Аляксандра Шамка. Паводле кіраўніка краіны, прызначэнне Шамка невыпадковае, бо раней ён курыраваў зборную каманду па пажарна-ратавальным спорце ў Міністэрстве надзвычайных сітуацыяў. {movie}Алесь Пуціла ў “Гарачым каментары”|right|7239{/movie}

А былога кіраўніка памежнага камітэту Ігара Рачкоўскага, звольненага ў звязку са справаю «плюшавага дэсанту», Лукашэнка прапаноўвае зрабіць віцэ-прэзідэнтам Нацыянальнага алімпійскага камітэту.

Паводле спартовага аглядальніка «Белсату» Алеся Пуцілы, прызначэнні выпадковых людзей на найвышэйшыя пасады ў Міністэрстве спорту – абраза для спартоўцаў і заўзятараў.

«Што гэта за тлумачэнне: чалавек знаёмы са спортам, бо «курыраваў пажарна-ратавальную каманду»!? То бок людзям усё адно, дзе камандаваць. Як увогуле афіцэры, сур’ёзныя людзі пагаджаюцца ісці на такія абсалютна няпрофільныя пасады», – абураецца спартовы аглядальнік.

Алесь Пуціла нагадвае, што з 1995 да 2000 года змяніліся чатыры міністры спорту, і ўсе яны атрымалі адукацыю ў галіне фізічнай культуры. У той час як адзінаю сувяззю Алега Качана са спортам было арганізоўванне турзлётаў у Менскім аблвыканкаме.

«Пасля чарговай замены міністра нічога не памяняецца. Усё будзе ісці па коле ў гэтай савецкай сістэме. Спартоўцаў не трэба аб’ядноўваць у нейкія глабальныя арганізацыі. Яны павінны самі вырашаць, дзе і як трэніравацца, колькі трэба выдаткаваць грошай на гэта, дзе знайсці спонсараў», – зазначае Пуціла.

belsat.eu

Стужка навінаў