У справе правоў інвалідаў Беларусь далучыцца да Канвенцыі ААН


Адпаведны праект закону ўнесены ў Савет Міністраў.

“Далучэнне да канвенцыі – важны міжнародны і дзяржаўны акт, які сведчыць аб гатоўнасці Беларусі ствараць даступны асяродак, прапаноўваць паслугі, якія забяспечваюць незалежны лад жыцця інвалідаў”, – паведаміў намеснік міністра працы ды сацыяльнай абароны Валяр’ян Кароль.

На сёння ў Беларусі 502,9 тыс. людзей з абмежаванымі магчымасцямі. Мэта канвенцыі – заахвоціць, абараніць і забяспечыць інвалідаў правамі чалавека на роўных з усімі ўмовах. Да 2015 года мусіць быць урэгуляваная нарматыўна-прававая база што да развязання праблемаў інвалідаў. Апроч таго, падрыхтаваны законапраект, паводле якога ў інвалідаў І групы і дзяцей-інвалідаў да 18 гадоў з 3–4 ступенямі страты здароўя з’явіцца асістэнт-памочнік.

Варта адзначыць, што грамадскія арганізацыі ўжо некалькі гадоў запар дабіваліся, каб Беларусь далучылася да канвенцыі “Аб правах інвалідаў”. Старшыня Беларускага дзіцячага хоспісу Ганна Грачакова ў інтэрв’ю “Белсату” адзначыла: “Далучэнне да канвенцыі дапаможа вырашаць спрэчныя юрыдычныя пытанні з прыцэлам на міжнародны досвед, дзе правы інвалідаў – вельмі важнае сацыяльнае пытанне. Апроч таго, мусяць палепшыцца ўмовы жыцця інвалідаў: грашовая, медычная дапамога. І, нарэшце, праблемнае пытанне дыскрымінацыі, якое так востра стаіць у нашым грамадстве, будзе прасцей вырашаць з прыцягненнем міжнародных прававых нормаў”.

belsat.eu

Стужка навінаў