Ці выпусцяць Някляева?


Заўтра суд разгледзіць меру стрымання экс-кандыдата на прэзідэнта. Пра гэта паведамляе БелаПАН са спасылкаю на аднаго з адвакатаў палітыка, Уладзіміра Букштынава.

3 студзеня Букштынаў падаў у суд скаргу на ўжыванне ў дачыненні Някляева меры стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартаю. Да скаргі прыкладаецца выпіска з лячэбнай установы аб захворваннях Някляева.

“Паводле маіх звестак, Някляеў цяпер застаецца ў камеры СІЗА КДБ, у шпіталь яго не змяшчалі”, – сказаў Букштынаў. Ён таксама выказаў сумненні, што Някляева 6 студзеня даставяць у суд на разгляд скаргі, і паведаміў, што плануе сустрэцца са сваім падабаронным на гэтым тыдні.

Някляеў быў моцна збіты вечарам 19 снежня каля офісу кампаніі “Гавары праўду!” на вуліцы Няміга ў Менску, за гадзіну да пачатку акцыі пратэсту апазіцыі супраць фальсіфікацыі вынікаў галасавання. Уначы на 20 снежня 2010 года працаўнікі спецслужбаў даставілі яго з бальніцы ў СІЗА КДБ. 29 снежня Някляеў перанёс гіпертанічны крыз. Разам з іншымі шасцю экс-кандыдатамі ён абвінавачваецца ў арганізацыі ды ўдзеле ў масавых закалотаў (арт. 293 Крымінальнага кодэксу).

3 студзеня стала вядома, што быў адпушчаны пад падпіску аб нявыездзе экс-кандыдат на прэзідэнта Віталь Рымашэўскі – пасля напісання ім тлумачальнай запіскі на імя Аляксандра Лукашэнкі. Раніцаю 3 студзеня з СІЗА выйшаў таксама кіраўнік выбарчага штабу Някляева Андрэй Дзмітрыеў.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары