Мая Кляшторная: Рэабілітацыя не ўваскрэсіць майго бацькі


Сябры Саюзу беларускіх пісьменнікаў ушанавалі памяць сотні прадстаўнікоў інтэлігенцыі, расстраляных у турме НКВД уначы з 29 на 30 кастрычніка.
У вечарыне памяці ўдзельнічалі пісьменнікі Сяргей Законнікаў, Алесь Разанаў, Віктар Жыбуль, Анатоль Вярцінскі, а таксама Мая Кляшторная, дачка аднаго з расстраляных у крывавую ноч 1937 года – паэта Тодара Кляшторнага.
“Мы даведаліся пра рэабілітацыю бацькі ў 1954 годзе, – расказала “Белсату” Мая Кляшторная. – Гэта быў час, калі шмат хто чакаў сваіх родных жывымі, а атрымалі гэты лісток з паведамленнем пра рэабілітацыю. У чым? Перад кім? Мне гэта слова рэжа слых. Хто іх ўваскрэсіць?”
Пяць гадоў таму грамадскія актывісты звярнуліся да Савету Міністраў з прапановаю надаць даце 30 кастрычніка афіцыйны статус дня памяці ахвяраў сталінізму. Адказ прыйшоў з КДБ за подпісам тагачаснага старшыні Сцяпана Сухаранкі. Змест ліста зводзіўся да таго, што ў Беларусі ўжо ёсць два дні для памінання памерлых: Дзяды і Радуніца – і што ўводзіць яшчэ адну немэтазгодна.
Сяргей Законнікаў лічыць, што ў такіх умовах асабліва важна праводзіць такія вечарыны – “каб паказаць нелюдзям, што мы памятаем пра ўсіх ахвяраў”. “Цягнуць сёння куды гасцей? Не ў Хатынь, не на Курган славы, калі хочуць паказаць вайсковую доблесць нашага народу. Усіх вязуць на лінію Сталіна. Гэты тэатр абсурду прыводзіць да таго, што з’яўляцца нелюдзі, якія знішчаюць памятныя знакі ў Курапатах, як учора ”.
belsat.eu
Стужка навінаў