Ірына Альхоўка: насцярожвае, калі праблемамі здароўя жанчын займаюцца мужчыны


У лістападзе чакаецца прыняцце зменаў у закон «Аб ахове здароўя». Напярэдадні прадстаўнікі хрысціянскай дэмакратыі, праваслаўнай і каталіцкай канфесіяў падрыхтавалі для Міністэрства здароўя прапановы – як зменшыць колькасць абортаў у нашай краіне.
Прадстаўнікі БХД сабралі больш за тры тысячы подпісаў за скарачэнне тэрміну, калі дазваляецца рабіць спарон (аборт), да 7 тыдняў; выключыць сацыяльныя паказанні для спарону і ўвесці «перыяд цішыні» на 5 дзён, каб жанчына абдумала сваё рашэнне.
Пасля забароны нараджальнасць не павысіцца
Старшыня ўправы грамадскага аб’яднання «Гендарныя перспектывы» Ірына Альхоўка не лічыць гэткія змены патрэбнымі. {movie}Ірына Альхоўка ў “Гарачым каментары”|right|7215{/movie}
«Мне падаецца, што тут акцэнт робіцца на забарону такога важнага права для жанчыны, як права выбару. Я дрэнна стаўлюся да аборту як да спосабу планавання сям’і. Але з іншага боку, аборт мусіць быць бяспечным і легальным, а гэткая забарона можа спрыяць сыходу гэткіх паслугаў у падполле», – зазначае спадарыня Альхоўка.
Адмыслоўца нагадвае таксама, што забарона спаронаў значна не ўплывае на павелічэнне нараджальнасці ў краіне. Яскравы прыклад – спробы забараніць аборты за саветамі. У выніку гэтыя працэдуры рабіліся ў «падполлі» і значна вырасла колькасць жаночых смерцяў. У Польшчы, дзе дазвол на спарон атрымаць практычна немагчыма, зарганізоўваюць «аборт-туры», калі жанчыны ездзяць у Калінінградскую вобласць або ў Чэхію.
Што разумее БХД і прадстаўнікі канфесіяў у абортах?
Ірына Альхоўка звяртае ўвагу на тое, што ўсе размовы пра забарону абортаў канцэнтруюцца вакол жанчын. Маўляў, гэта жанчыны павінны думаць гэтыя 5 дзён, гэта яны мусяць хвалявацца пра сваё здароўе. А дзе ж тут роля мужчыны?
«Мяне заўсёды насцярожвае, калі аб правах жанчын пачынаюць разважаць людзі, якія не зусім добра разбіраюцца ў гэтых рэчах. Людзі ў гальштуках, пінжаках і штанах… Рашэнне жанчыны зрабіць аборт – гэта далёка не самае простае рашэнне ў жыцці», – кажа Ірына Альхоўка.
Замест забароны абортаў – увесці сексуальную адукацыю
Тым часам за апошнія 15 гадоў колькасць спаронаў у нашай краіне зменшылася ў 5 разоў. Аднак падлеткі пачынаюць сексуальнае жыццё ўжо ва ўзросце 14–16 гадоў. Можа варта не забараняць аборты, а ўвесці ў школах сексуальную адукацыю?
«Гэта было б абсалютна правільна, аднак у нас гэтая справа тармозіцца. Ёсць сілы, у тым ліку рэлігійныя арганізацыі, якія супраціўляюцца ўвядзенню гэтага прадмету ў курс сярэдняй школы, што натуральна адбіваецца на сітуацыі. Да таго ж, як паказвае статыстыка, большасць разжэнстваў маладых параў адбываецца з прычыны расчаравання ў шлюбе. Яны маюць нейкае ідэалістычнае ўяўленне і не гатовыя да цяжкасцяў», – сцвярджае грамадская дзяячка.
belsat.eu

Стужка навінаў