Змітра Дашкевіча асудзілі за 10 хвілінаў


Лідар «Маладога фронту» працягне адбываць пакаранне ў крытай турме

Такое рашэнне прыняў сёння Мазырскі суд на выязным паседжэнні ў папраўчай калоніі № 20 у Мазыры, дзе да сённяшняга дня ўтрымлівалі актывіста.

У якую з турмаў этапуюць Дашкевіча, пакуль невядома. Паводле словаў нявесты Змітра Насты Палажанкі, гэта можа быць або жодзінская, або гарадзенская турма, дзе ён перабудзе да канца тэрміну (канец жніўня 2013 года). Крытая турма, патлумачыла Наста, прадугледжвае больш жорсткія правілы ўтрымання.

Як паведаміла Палажанка, сённяшні суд цягнуўся 10 хвілінаў. Адвакат Дашкевіча на судзе не прысутнічаў, бо, паводле словаў Насты, Дашкевіч лічыць, што абаронца ўсё роўна не змог бы паўплываць на зыход працэсу.

Узмацненне жорсткасці ўмоваў утрымання актывіста сведчыць пра тое, што ўлады працягваюць ціск на лідара “Маладога фронту”, лічыць Палажанка. Акрамя ўзмацнення ціску, гэта яшчэ больш ізалюе яго ад вонкавага свету, адзначыла Наста.

Наколькі працяглым будзе этап, Палажанка не ведае. Бліжэйшымі днямі яна разам з адвакатам будзе звязвацца з турмамі ў Горадні і Жодзіне, высвятляць лёс Дашкевіча.

Актывістаў “Маладога фронту” Змітра Дашкевіча і Эдуарда Лобава затрымалі ў Менску напярэдадні апошніх прэзідэнцкіх выбараў, 18 снежня 2010 года, і абвінавацілі ў збіцці двух мужчынаў. Прадстаўнікі апазіцыі і праваабаронцы расцанілі іхны арышт як прэвентыўную захаду ў справе “зачысткі” грамадства перад выбарамі. У сакавіку 2011 года суд прызнаў Дашкевіча вінаватым і прыгаварыў да двух гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі прызналі Змітра Дашкевіча палітычным зняволеным.

У мазырскую калонію палітвязень паступіў 19 верасня, а 21-га – распачаў галадоўку ў звязку з “нечалавечымі паводзінамі адміністрацыі калоніі, у тым ліку яе начальніка Юрыя Збароўскага”. Пасля пераводу 4 кастрычніка ў памяшканне камернага тыпу Дашкевіч спыніў галадоўку, патлумачыўшы гэта тым, што стаўленне адміністрацыі калоніі да яго “кардынальна змянілася ў лепшы бок”.

belsat.eu

Стужка навінаў