Швейцарскі электравік злучыць цэнтр Менску са Ждановічамі


У беларускай сталіцы распачалася кампанія разгрузкі дарогаў ад аўтамабіляў.

У межах праграмы ў горадзе створаць некалькі чыгуначных маршрутаў. Як вядома, такім чынам пазбягаць затораў удаецца ў буйных еўрапейскіх гарадах: Кіеве, Берліне, Вене.

Першы беларускі гарадскі электравік зрабіла швейцарская кампанія “Stadler Bussnang AG”. Як паведамляюць у прэс-службе “Беларускай чыгункі”, цяпер цягнік праходзіць агляд. Падчас эксплуатацыйнага перыяду машыну выпрабуюць у Баранавічах. “У адпаведнасці з кантрактам “Белчыгунка” атрымае 10 электрацягнікоў коштам 6 млн эўраў кожны. У перспектыве з дапамогаю гарадскіх электравікоў цэнтр сталіцы злучаць не толькі з аддаленымі гарадскімі раёнамі, але і з гарадамі-спадарожнікамі: Смалявічамі, Заслаўем”, – адзначыла прэс-сакратар Наталля Вярбіцкая.

Дырэктар Беларускага клубу аўтамабілістаў Яўген Валынскі лічыць, што гарадскія электавікі спросцяць перасоўванне аўтамабілістаў на дарогах сталіцы. “Кірунак “Ждановічы” сапраўды адзін з самых праблемных і насычаных, асабліва падчас выходных. Таму агароджаны экспрэсны чыгуначны транспарт і для пасажыраў будзе аптымальным варыянтам – дабірацца хутчэй, і для кіроўцаў аўтаў – коркаў будзе значна менш. Плюс яшчэ ў тым, што для стварэння такога грамадскага руху не трэба доўгай падрыхтоўчай працы, як у выпадку з метро, калі загружаецца раён пабудовы, дарогі пераносяцца з месца на месца і колькасць аварыяў, на жаль, досыць высокая”.

Гарадскі электравік на сталічных рэйках з’явіцца гэтаю зімою. Папярэдне вядома, што кошт на праезд будзе ў межах аплаты гарадскога праезду – не больш за 1 200 рублёў.

belsat.eu

Глядзі таксама
Каментары