У Менску ўшанавалі памяць ахвяраў савецкіх палітычных рэпрэсіяў


Традыцыйнае наведванне месцаў, якія хаваюць сляды злачынстваў НКВД, пачалося з Кальварыйскіх могілак.

«Тут месцяцца, як мы мяркуем, пахаванні расстраляных у менскіх турмах, – распавёў вядомы даследчык гісторыі савецкіх рэпрэсіяў Ігар Кузняцоў. – Тут былі афіцыйныя гарадскія могілкі, але ўначы тут хавалі тых, каго расстрэльвалі ў «валадарцы» і «амерыканцы». Мы высветлілі, што ўсе, хто працаваў ахоўнікамі на Кальварыйскіх могілках, былі рэпрэсаваныя. Гэта было зроблена, каб ніхто не даведаўся, што тут адбывалася».

На ўскрайку Лошыцкага парку ўдзельнікі працэсіі ўсклалі кветкі ды запалілі знічы. Тут была школа АГПУ, у якой рыхтавалі кадры для падрыўной дзейнасці ў Заходняй Беларусі.

«Пра Лошыцу стала вядома паралельна з Курапатамі. Калі на пачатку 90-х гадоў загаварылі пра пахаванні ды пра эксгумацыю, то тут адразу з’явіліся гаражы. Як мяркуецца, колькасць расстраляных – не менш за 15–20 тыс. Для нас важнае кожнае чалавечае жыццё. Адна нявінна забітая душа – гэта злачынства рэжыму і дзяржавы», – працягнуў Ігар Кузняцоў.

Даследчык зазначыў, што сёння ў Беларусі не існуе афіцыйнай статыстыкі рэпрэсаваных: архівы спецслужбаў закрытыя для гісторыкаў.

У Трасцянцы злучыліся сляды двух рэжымаў: да Другой сусветнай вайны расстрэлы праводзіла НКВД, у вайну – немцы. У 1956 годзе зрабілі сметнішча. Сёння тут, паміж двух накатаных машынамі спецаўтагаспадаркі дарог, стаіць мемарыяльны камень.

Афіцыйна ў Беларусі толькі адно прызнанае месца савецкіх расстрэлаў – Курапаты. Ва ўрочышчы паставілі знак з надпісам: «Тут будзе ўсталяваны помнік афіцэрам польскага войска, забітым НКУС, 1940–1941 гг.».

«Вядомы расейскі ды ўкраінскі «катынскія спісы». Пра беларускі спіс вядома вельмі мала. Мы лічым нашым абавязкам адкрыць такі знак менавіта ў Курапатах, незалежна ад таго, будуць тут калі-небудзь знойдзеныя парэшткі польскіх афіцэраў ці не», – падсумаваў Ігар Кузняцоў.

belsat.eu

Стужка навінаў