Кінафестываль «Бульбамуві» скончыўся: без галоўнага прызу, але з дзвюма срэбнымі ўзнагародамі.


„Бульбамуві” – гэта не толькі фестываль кіно, але і пляцоўка для сустрэчаў. Для беларусаў, што жывуць у Варшаве, гэта ўнікальная магчымасць спаткацца з беларускімі кінематаграфістамі. На фестываль у польскую сталіцу прыехалі кінакрытыкі Максім Жбанкоў і Андрэй Расінскі, а з рэжысёраў – Андрэй Курэйчык і Андрэй Кудзіненка. Але на першым плане ўсё адно застаецца само кіно, прэзентаванае ў розных жанрах. {movie}Агляд падзеяў культуры (29.10.2012)|right|7192{/movie}

На вялікім экране паказалі “Вышэй за неба” – нашумелы фільм пра жыццё і клопаты падлеткаў. Дакументалістыку на “Бульбамуві” прэзентавалі стужкі “Даволі! Да волі!” і “Рабінзоны Мантысаары”.

Галоўная адметнасць сёлетняга „Бульбамуві” ад папярэдняга – конкурсная праграма.

Пераможцу сярод амаль двух дзясяткаў прэтэндэнтаў журы вызначыла са спазненнем – пытанне, каму даваць “залатую” і “срэбную” бульбы, выклікала бурлівыя эмоцыі ў міжнароднага – беларуска-польскага – журы. Вынік нечаканы: галоўнай узнагароды не атрымаў ніхто! Затое журы вызначыла адразу двух срэбных прызёраў – гэта праца Андрэя Палупанава “Жыццё ў торбе ў клетку” і стужка “Простыя рэчы” Арцёма Лобача.

Узнагароду ад нашага тэлеканалу атрымала стужка Алеся Лапо “Вандроўнік не вернецца”.
Гэтую ды іншыя стужкі з фестывалю можна будзе паглядзець у інтэрнэце. Менавіта дзякуючы тэхналогіям, як адзначаюць эксперты, нашае кіно развіваецца перш за ўсё на перыферыі.

Тры дні фестывалю паказалі: нашае кіно імкліва набірае абароты як у якасці, так і ў колькасці. Але галоўнае дасягненне айчыннага кінематографу яшчэ наперадзе, бо для кіно галоўнае – не водгукі крытыкаў, а колькасць гледачоў у кіназалах.

belsat.eu

Стужка навінаў